Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

14 Врс 2023

Выстава пра творчы шлях беларускага мастака Сяргея Гумілеўскага адкрыецца ў Мінску

Выстава пра творчы шлях беларускага мастака Сяргея Гумілеўскага адкрыецца ў Мінску
Фота з архiва

14 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Шлях", прысвечаная 60-годдзю члена Беларускага саюза мастакоў, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва Сяргея Гумілеўскага, адкрыецца 14 верасня ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

На выставе будуць прадстаўлены скульптурныя творы, якія адлюстроўваюць творчы шлях вядомага беларускага мастака, а таксама работы яго бацькі - народнага мастака Беларусі Льва Гумілеўскага (1930-2021) - і іх сумесныя творы.

Адным з галоўных матываў творчасці Сяргея Гумілеўскага з'яўляецца адлюстраванне вобразаў і духоўнай спадчыны выдатных дзеячаў беларускай культуры: пісьменнікаў, паэтаў, драматургаў, кампазітараў, мастакоў, асветнікаў. На выставе прадставяць скульптурныя партрэты Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Станіслава Манюшкі, Фердынанда Рушчыца, Кірылы Тураўскага, Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны.

Асаблівае месца сярод яго работ займаюць вобразы-станы - увасобленыя ў скульптуры ўзвышаныя настроі чалавечай душы або паняцці, якія натхняюць і ўспрымаюцца адкрыта кожным чалавекам. Гэта і шматлікія работы, выкананыя па матывах паэзіі Максіма Багдановіча ("Зорка Венера", "Усе мы разам ляцім да зор", "У краіне светлай, дзе я ўміраю", "Страцім-лебедзь"), і скульптуры-сімвалы "Благавешчанне", "Натхненне", "Юнацтва", "Коннік", "Галубка", "Мацярынства", "Абуджэнне", "Роздум".

С.Л. Гумілеўскі працуе з рознымі матэрыяламі - выдатна адчувае розныя пароды дрэва, каменю, атрымліваючы з матэрыялу характар і вобраз.

Доўгі час Сяргей Гумілеўскі працаваў у творчым тандэме са сваім бацькам - народным мастаком Беларусі Львом Гумілеўскім. Унікальным з'яўляецца не толькі тое, што абодва мастакі працавалі разам, але і тое, што яны - бацька і сын - аднадумцы ў многіх пытаннях. Сяргей шмат чаму навучыўся ў свайго бацькі, аднак здолеў захаваць творчую індывідуальнасць. Агульным для іх творчасці з'яўляецца рамантычнае і паэтычнае стаўленне да свету, радзімы, людзей.

Манументальныя і станковыя творы, створаныя мастакамі сумесна, праслаўляюць дзеячаў гісторыі і культуры не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і за яе межамі. Гэта алея бюстаў Радзівілаў і дзеячаў культуры ў Нясвіжы, помнікі Максіму Багдановічу ў Ялце, Кірылу Тураўскаму ў Гомелі, Янку Купалу ў Маскве, Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу ў Бабруйску, Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і Станіславу Манюшку ў Мінску, Францішку Багушэвічу ў Смаргоні, Вацлаву Ластоўскаму ў Глыбокім, кампазіцыя "Балет" каля Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі ў Мінску.

На выставе прадстаўлена больш за 70 твораў з калекцыі аўтара, Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Экспазіцыя будзе працаваць да 8 кастрычніка 2023 года.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі