Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

16 Крс 2021

Выстава да 60-годдзя першага палёту чалавека да зорак адкрылася ў Мінску

Выстава да 60-годдзя першага палёту чалавека да зорак адкрылася ў Мінску

16 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выставачны праект "108 мінут. Дарога ў космас", прысвечаны 60-годдзю першага палёту чалавека ў космас, адкрыўся 15 красавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

12 красавіка 1961 года савецкі касманаўт Юрый Гагарын зрабіў першы ў гісторыі чалавецтва пілатуемы касмічны палёт. Ракета-носьбіт "Усход" з караблём "Усход-1", на борце якога знаходзіўся першы касманаўт, была запушчана з касмадрома Байканур. Палёт доўжыўся 108 мінут.

На выставе прадстаўлены ўнікальныя артэфакты, многія з якіх ніколі раней не экспанаваліся ў Беларусі. Са збораў расійскіх музеяў дэманструюцца фатаграфіі сямейнага архіва Юрыя Гагарына, а таксама той самы скафандр, у якім ён зрабіў палёт.

"Гэта на самай справе касмічны праект, які нас усіх аб'ядноўвае. Я хацеў бы падзякаваць сваім калегам за тое, што яны яго зрабілі, а таксама нашых расійскіх калег за дапамогу ў арганізацыі і, вядома, прадстаўнікоў нашых беларускіх органаў улады, ДТСААФ, якія таксама прыклалі да гэтага свае намаганні", - адзначыў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр Храмой.

Акрамя таго, наведвальнікі змогуць убачыць бартавы журнал першай жанчыны-касманаўта Валянціны Церашковай. Цікавасць, безумоўна, прыцягнуць аўтографы, якія зняты з уваходных дзвярэй у нумар 305 гасцініцы "Касманаўт" на касмадроме Байканур. Менавіта ў ім жыў перад сваім палётам Юрый Гагарын, а цяпер па традыцыі касманаўты перад сваімі палётамі таксама тут жывуць. У іх прынята перад тым, як адправіцца на стартавую пляцоўку, пакінуць на дзвярах свой подпіс. Тут можна ўбачыць аўтографы касманаўтаў з Расіі, Беларусі, Францыі, Германіі, Польшчы і ЗША.

Важнае месца на выставе займаюць экспанаты, якія расказваюць пра беларускіх касманаўтаў Пятра Клімука, Уладзіміра Каваленку, Алега Навіцкага. Сярод іх - скафандр "Сокал", элементы касмічнага рыштунку, абсталявання, узоры прадуктаў харчавання. Таксама на выставе паказаны матэрыялы аб сучаснай касманаўтыцы Беларусі і Расіі.

"Я ганаруся тым, што асабіста знаёмы з Алегам Навіцкім - вялікім патрыётам сваёй краіны. Яшчэ з'яўляючыся намеснікам дырэктара гістарычнага музея, я прымаў удзел у перадачы ім сваіх касмічных прадметаў у Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці. У гістарычным музеі знаходзяцца ўнікальныя рэчы. Хацеў бы таксама выказаць падзяку НАН Беларусі за супрацоўніцтва. Беларусь таксама з'яўляецца касмічнай дзяржавай. Вядома, да Раскосмасу нам далёка, але мы ганарымся, што ўраджэнец Беларусі Алег Навіцкі цяпер з'яўляецца галоўным чалавекам у галактыцы - камандзірам Міжнароднай касмічнай станцыі. Спадзяюся, што гэты праект - толькі пачатак вялікай дзейнасці гістарычнага музея, якая ніколі не спынялася, але выйшла на касмічны ўзровень", - падзяліўся дырэктар музея.

Ва ўрачыстым адкрыцці выставы прыняў удзел часовы павераны ў справах пасольства Расіі ў Беларусі Пётр Фралоў. "Я ўдзячны ўсім, хто прыняў удзел у рэалізацыі гэтага праекта. Ён падкрэслівае гістарычную агульнасць, прыхільнасць да мінулага, жаданне ісці ў будучыню разам, паколькі такая дата, як першы палёт чалавека ў космас, безумоўна, значная. Яна з'яўляецца вынікам работы ўсяго савецкага народа, усіх 15 рэспублік Савецкага Саюза. Першы палёт да зорак, які зрабіў наш суайчыннік, - гэта рэалізацыя тысячагадовай мары ўсяго чалавецтва", - сказаў ён.

"12 красавіка 1961 года - гэта адна з самых яркіх дат у гісторыі чалавецтва. У гэты дзень 60 гадоў таму чалавек упершыню пакінуў Зямлю і апынуўся ў касмічнай прасторы. 108 мінут палёту Юрыя Гагарына пачалі новую эпоху чалавецтва, эпоху заваявання космасу, які здаваўся такім далёкім і недасяжным, і стаў даступным для даследаванняў і мірнага выкарыстання толькі дзякуючы яму", - падкрэсліў лётчык-касманаўт Алег Навіцкі ў прывітанні з борта Міжнароднай касмічнай станцыі.

Мастацкая частка выставы прадстаўлена графікай касманаўта Аляксея Лявонава, скульптурамі аўтарства народнага мастака Беларусі Івана Міско, палотнамі заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Мікалая Апіёка, работамі вядомага фатографа, лаўрэата міжнароднай прэміі World Press Photo Юрыя Іванова.

Пляменніца першага касманаўта Наталля Гагарына ўпэўнена, што космас аб'ядноўвае людзей. "Першы палёт у космас сапраўды адкрыў дарогу ў сусвет, ён і сёння аб'ядноўвае ўсіх людзей. Касманаўты з розных краін, якія сёння лятаюць на МКС, яны не пытаюць адзін у аднаго, якой ты нацыянальнасці, бо мы ўсе з вамі зямляне", - дадала яна.

"У першую чаргу мне хацелася б падзякаваць Нацыянальнаму гістарычнаму музею за такую выставу. Яна сапраўды проста незвычайнай прыгажосці, тут адчуваецца космас. Мне ад імя сям'і і сваякоў Юрыя Гагарына хочацца таксама падзякаваць прысутным, наогул усім людзям, якія памятаюць пра гэту дату. Без сумнення, першы палёт быў подзвігам, але вы ведаеце, мне здаецца, што яшчэ большым подзвігам было яго жыццё пасля палёту. Юрый Гагарын жыў з сумленнем, укладваў яго ў любы свой учынак. Менавіта таму мы сёння памятаем і захоўваем гэта імя з любоўю і вялікай павагай", - сказала на заканчэнне Наталля Гагарына.

Выставачны праект знаёміць беларусаў і гасцей краіны з цікавымі старонкамі заваявання космасу. Падчас работы выстаўкі "108 мінут. Дарога ў космас" будуць праводзіцца культурныя мерапрыемствы для розных катэгорый наведвальнікаў.

Праект рэалізуецца сумесна з Аб'яднаным мемарыяльным музеем Ю.А. Гагарына, Смаленскім дзяржаўным музеем-запаведнікам, Навукова-даследчым выпрабавальным цэнтрам падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А. Гагарына, Фондам папулярызацыі пілатуемай касманаўтыкі "Космас - гэта мы!", Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, музеем авіяцыйнай тэхнікі Мінскага аэраклуба ДТСААФ, іншымі ўстановамі і арганізацыямі Беларусі і Расіі пры падтрымцы Міністэрства культуры, пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Беларусі - Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску.

Наведаць выставу можна да 31 мая.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі