4 верасня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Выпушчаная Беларускім тэлеграфным агенцтвам кніга "Голоса мира. Со знаком качества" (на рускай мове) атрымала ўзнагароду Міжнароднага конкурсу "Мастацтва кнігі" дзяржаў СНД. Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання адбылася 4 верасня на ХХХІХ Маскоўскім міжнародным кніжным кірмашы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кніга "Голоса мира. Со знаком качества" заняла другое месца ў намінацыі "Мая краіна". Гэта выданне - друкаваная версія маштабнага радыёпраекта прадстаўніцтва Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мір" у Беларусі. У яго аснове - 70 радыёпраграм аб тым, як у Беларусі з'яўляліся заводы і фабрыкі, якія ў далейшым сталі прамысловымі гігантамі. У БЕЛТА быў створаны дызайн кнігі, ажыццёўлена вёрстка. Акрамя таго, агенцтва прадаставіла фатаграфіі са свайго архіва. Сучасная паліграфія дала магчымасць дапоўніць выданне QR-кодам, па якім чытач можа перайсці на сайт радыё "Мір" і пачуць арыгінальныя праграмы: архіўныя інтэрв'ю, якія сталі асновай праекта.
На цырымоніі намеснік дырэктара Дэпартамента дзяржаўнай падтрымкі перыядычнага друку і кніжнай індустрыі Мінлічбы Расіі Юрый Пуля выказаў удзячнасць Міністэрству інфармацыі Беларусі. "Мінінфарм у ліпені бягучага года арганізаваў і на высокім узроўні правёў у Мінску пасяджэнне журы гэтага конкурсу. Мы вельмі ўдзячны за гэта", - сказаў ён.
Юрый Пуля паведаміў, што ўсяго на XXIII Міжнародны конкурс "Мастацтва кнігі" дзяржаў СНД былі прадстаўлены 64 выданні з Беларусі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана. Ён праходзіў у дзесяці намінацыях: "Садружнасць", "Мая краіна", "Дыялог культур", "Кніга для дзяцей і юнацтва", "Навука і адукацыя", "Арт-кніга", "Мастацтва ілюстрацыі", "Надрукавана ў Садружнасці", "Перамога" і "Гран-пры". Удзельнікі прадставілі выданні, прысвечаныя гісторыі і сучаснасці дзяржаў СНД, культурнаму ўзаемадзеянню, нацыянальнай спадчыне, дзіцячую і юнацкую літаратуру, выданні па мастацтве і кніжным дызайне.







У бягучым годзе ў конкурсе СНД "Мастацтва кнігі" Беларусь атрымала 8 прызавых месцаў. Так, лепшым у намінацыі "Перамога" прызнаны зборнік "Разам! Вялiкая Перамога!". У намінацыі "Садружнасць" перамагла беларуская кніга "Казачны свет: казкі народаў СНД". Сярод навуковых і адукацыйных першае месца заняло выданне "Чырвоная кніга Беларусі. Жывёлы. Расліны". У намінацыі "Дыялог культур" лепшым прызнаны зборнік "Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч на мовах народаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў". А лепшай кнігай для дзяцей і юнацтва сталі "Казкі Мірскага замка".
Дыплом другой ступені атрымала кніга "Беларускія партызаны. 1941-1944". Дыпломам трэцяй ступені ў намінацыі "Арт-кніга" ўзнагароджаны альбом "Губараў Валянцін Аляксеевіч". Акрамя таго, беларускія кнігі атрымалі некалькі спецыяльных дыпломаў.
Гран-пры конкурсу ўдастоены адразу два выданні: поўны збор твораў у дванаццаці тамах Чынгіза Айтматава, выпушчаны ў Кыргызстане, і таджыкская "Шахнамэ" ("Кніга цароў").