У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

10 Ліп 2017

"Вішнёвы фестываль" у Глыбокім атрымаў статус міжнароднага свята

10 ліпеня, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. "Вішнёвы фестываль", які пройдзе ў Глыбокім 18-22 ліпеня, атрымаў статус міжнароднага свята, паведамілі БЕЛТА ў Глыбоцкім райвыканкаме.

"У мінулым годзе ў раённым свяце прымалі ўдзел творчыя калектывы з пяці краін, таму Міністэрства культуры падтрымала нашу заяўку. З 2017 года фестывалю прысвоены статус міжнароднага. Цяпер мы пашырылі геаграфію: толькі творчыя калектывы да нас прыязджаюць з сямі краін, а з улікам афіцыйных дэлегацый гасцей нават больш. Гэта Расія, Кітай, Ізраіль, Францыя, Польшча, Латвія, Літва, Эстонія, Малдова, Грузія. Фестываль ужо 5 гадоў з'яўляецца месцам яднання розных культур, таму сімвалічна, што ў бягучым годзе мы адкрыем тэматычную дэкаратыўна-мастацкую кампазіцыю "Дружба народаў", - адзначылі ў райвыканкаме.

Першыя дні фестывалю стануць своеасаблівай прэлюдыяй да галоўных падзей. Так, 18 ліпеня пасля ўрачыстага адкрыцця пачнецца Дзень грамадскіх аб'яднанняў: будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі, праграма "Вішнёвы дыліжанс". А 20 ліпеня пройдзе Дзень моладзі з аўта- і велашоу, якаснай музыкай і паказам маладзёжнай моды. Усіх аматараў здаровага ладу жыцця 19 ліпеня запрашаюць на гарадскі стадыён, які стане цэнтрам Дня спорту. У яго праграме другая спартакіяда раёна сярод кіраўнікоў устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый і работнікаў дзяржорганаў "Вішнёвая Эліта - 2017", а таксама ўзрыў гігантаманіі: гіганцкія шашкі і шахматы, крыжыкі-нулікі, гіганцкія хадулі і лыжы, гіры і "пятнашкі", футбол і валейбол (бампербол), турнір "Чалавек-гігант".

Дадатковым бонусам стане спартыўны этап конкурсу прыгажосці Miss World Extreme, асноўныя падзеі якога разгорнуцца на базе экатурыстычнага комплексу. У Глыбокім збяруцца больш за 35 прыгажунь з Балгарыі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Венесуэлы, Індыі, Казахстана, Кітая, Латвіі, Малайзіі, Мальты, Мексікі, Расіі, Украіны, ЗША, Калумбіі і інш. Конкурс уключае велаэстафету, гарадскія квесты, у тым ліку "Знайдзі вішню шчасця", спаборніцтвы на байдарках, удзел у авіяшоу, традыцыйны "Вішнёвы забег", конкурсную праграму талентаў народаў свету і многае іншае. Таксама ўдзельнікі наведаюць дзіцячы дом. У заключны дзень конкурсу - 22 ліпеня - запланавана ўрачыстае шэсце прыгажунь у нацыянальных касцюмах.

"Асноўныя мерапрыемствы фестывалю пройдуць 21 і 22 ліпеня. Самыя папулярныя ў гледачоў - этнавечарынка, конкурс баяністаў (гран-пры ў якім - баян вішнёвага колеру), рэгістрацыя шлюбу "Вішнёвае вяселле", канцэрт замежных калектываў, аўкцыён "Вішнёвы пірог". І па традыцыі ад манументальна-дэкаратыўнай скульптуры "Глыбоцкая вішня" да цэнтральнай сцэны пройдзе святочнае шэсце з удзелам Вішнёвай Каралевы. Дарэчы, мы рыхтуем сюрпрыз: у бягучым годзе ў каралевы з'явіцца ўласная рэзідэнцыя - драўляны замак на беразе возера", - дадалі арганізатары.

У дні фестывалю свята захопіць усё Глыбокае: будуць працаваць падворкі з пачастункамі, выстаўкі і прэзентацыі (ад арт-праектаў да экспазіцый музычных інструментаў), "Вішнёвы АРБАТ" з майстар-класамі па вырабе сувеніраў, гандлёвыя рады, тэматычныя пляцоўкі і турыстычны кірмаш.

Праект "Вішнёвы фестываль" Глыбоцкага раёна ў 2012 годзе заняў другое месца ў Рэспубліканскім конкурсе творчых работ па папулярызацыі гарадоў і рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь на III Міжнародным форуме "Імідж Рэспублікі Беларусь: час дзейнічаць". Гэта падзея паклала пачатак працэсу вяртання Глыбоцкаму краю ранейшага ганаровага звання "Горад-сад": вішнёвыя дрэвы сёння можна ўбачыць у кожным двары горада і раёна.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс