Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

3 Лют 2022

Вобразы вайны на палотнах беларускіх мастакоў прадстаўлены ў Прэзідэнцкай бібліятэцы

Вобразы вайны на палотнах беларускіх мастакоў прадстаўлены ў Прэзідэнцкай бібліятэцы
Фота Прэзідэнцкай бібліятэкі

3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава мастацкіх работ "Памяць" дэманструецца ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў аддзеле бібліятэчнага маркетынгу.

Праект падрыхтаваны Беларускім саюзам мастакоў да аб'яўленага ў краіне Года гістарычнай памяці. У экспазіцыі прадстаўлены карціны вядомых айчынных мастакоў, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

"Гісторыка-культурная спадчына Беларусі, звязаная з ВАВ, вялікая - яна прадстаўлена шэдэўрамі літаратуры, музыкі і выяўленчага мастацтва. Перамога застаецца ў народнай і культурнай памяці, набываючы больш глыбокі і разнастайны мастацкі сэнс. Ёю прасякнута творчасць многіх мастакоў, у тым ліку, вядома, мастакоў-ветэранаў, якія пакінулі бясцэнныя дакументальныя і мастацкія сведчанні гора і вялікай мужнасці людзей, што выстаялі і перамаглі. Але і тыя творцы, якія нарадзіліся ў мірны час, не засталіся ў баку ад тэмы вайны, па-філасофску і эмацыянальна пераасэнсаваўшы падзеі мінулых гераічных гадоў, пасляваеннага аднаўлення краіны і яе сучаснага мірнага жыцця", - падкрэслілі арганізатары.

Мастакі аднымі з першых адгукнуліся на падзеі 1941 года, але разуменне і мастацкае асэнсаванне вайны як гіганцкай бітвы прыйшло пазней. У эпічных палотнах некалькіх пасляваенных пакаленняў творцаў паказана патрывожанае мірнае жыццё, у якое ўварвалася трагедыя, адлюстравана аднаўленне краіны, паказаны помнікі Перамогі. Тэма ветэранаў стала адной з ключавых у мастацтве Беларусі пасляваенных дзесяцігоддзяў.

Сярод аўтараў выстаўкі - майстры, якія прайшлі вайну. У творчасці былых франтавікоў Барыса Аракчэева, Антона Бархаткова, Адольфа Гугеля, Пятра Данелія, Яўгена Зайцава ёсць любоў да мірнага краявіду, у якім ужо няма жахаў вайны. Побач з вялікімі майстрамі прадстаўлены работы аўтараў пасляваеннага пакалення, сярод якіх народныя мастакі Беларусі Аляксандр Кішчанка і Уладзімір Тоўсцік, заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі Уладзімір Гоманаў, Уладзімір Зінкевіч, Віктар Барабанцаў.

Жывапісныя палотны розных гадоў дазваляюць прасачыць, як змянялася вобразнае ўяўленне пра вайну і мірныя пасляваенныя гады ў розных пакаленняў беларускіх мастакоў. Так, карціна Мікалая Назаранкі "На вызваленай зямлі" напісана пад уплывам прозы ад першай асобы, характэрнай для мастацкай творчасці 1960-х гадоў. Карціна "Памяць" Аляксандра Пашкевіча 1975 года - гэта іншы зварот да тэмы, праз эмацыянальнае ўспрыманне балючых ран, якія не гояцца з часам.

"У 1980-я і 1990-я гады прыйшло філасофскае асэнсаванне не толькі падзей вайны, але і тых каштоўнасцей, якія ветэранам удалося захаваць, падтрымаць, развіць і ўмацаваць будучым пакаленням. Мастакі захоплена пішуць духоўныя партрэты, вобразныя пейзажы, звяртаюцца да нацыянальнай спадчыны і гісторыі мінулых стагоддзяў", - звярнулі ўвагу ў бібліятэцы.

У творах Віктара Шматава, Віктара Барабанцава, Людмілы Ізмайлавай, Уладзіміра Сулкоўскага, Ігара Крэйдзіка гучаць напевы роднага краю. Кожны іх твор, адзначаюць арганізатары, - гэта праніклівы аўтарскі погляд на радзіму, напоўнены вялікай любоўю да сваёй краіны і народа.

Выстава дэманструецца да 28 лютага.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі