Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

9 Стд 2015

Вялікі тэатр Беларусі запрашае сустрэць стары Новы год на бале

Вялікі навагодні Баль у Вялікім тэатры9 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вялікі навагодні Баль у Вялікім тэатры запрашае гасцей у ноч святкавання старога Новага года 13 студзеня. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі.

"Сёння "Вялікі навагодні Баль у Вялікім тэатры" вельмі папулярны. Усе чакаюць яго з нецярпеннем, а колькасць гледачоў з кожным годам нязменна расце. У гэтым годзе, захоўваючы традыцыі правядзення "Вялікага навагодняга Балю", мы пастараемся напоўніць яго новымі цікавымі танцавальнымі, музычнымі і інтэрактыўнымі праграмамі, яркімі выступленнямі салістаў тэатра і запрошаных калектываў", - расказала рэжысёр-пастаноўшчык Вольга Бураўлёва.

Абавязковай умовай для ўдзельнікаў балю з'яўляецца захаванне дрэс-кода: дамам неабходна з'явіцца ў вячэрняй або бальнай сукенцы, мужчынам - у смокінгу або элегантным касцюме.

Для ўсіх жадаючых прыняць удзел у танцавальнай праграме прадастаўляецца магчымасць бясплатна атрымаць урокі ў танцмайстра (балетмайстар-пастаноўшчык Вольга Кастэль) у імправізаванай школе бальных танцаў. На працягу амаль трох месяцаў такія заняткі праходзяць адзін раз у тыдзень у фае Вялікага тэатра Беларусі.

Тэатр пачне сустракаць сваіх гасцей у 19.30. Тэма чароўнага "Навагодняга экспрэса" стане асноўнай для маючага адбыцца балю, таму глядзельная частка і фае тэатра ператворацца ў імправізаваныя вакзальныя станцыі і гарадскія вулачкі розных краін (мастак-пастаноўшчык Аляксандр Касцючэнка). Праграма будзе пабудавана такім чынам, каб госці былі не толькі гледачамі, але і непасрэднымі ўдзельнікамі ўрачыстасці. У гэты вечар яны апынуцца ў чароўнай атмасферы Італіі, своё майстэрства ім прадставяць мастакі, жанглёры і мімы. Ва "Усходнім салоне" госці паглыбяцца ў чароўны свет Усходу, а студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў будзе паказана пластычная кампазіцыя на вершы хоку - мастацтва сказаць многае ў некалькіх словах. Таксама ў праграме выступленне квінтэта "Серэнада", трыа "Ларэлея" і джаз-бэнда пад кіраўніцтвам А.Баранава. Удзельнікі атрымаюць магчымасць наведаць "Астралагічны салон", у якім можна будзе даведацца пра свой лёс, паваражыўшы на картах Таро, а ў фае тэатра сфатаграфавацца з жывымі статуямі і наведаць праграму фокусніка-ілюзіяніста.

Артысты павіншуюць прысутных з надыходзячым старым Новым годам і выканаюць лепшыя творы нацыянальных, рускіх і заходнееўрапейскіх кампазітараў. Пачнецца мерапрыемства сцэнай з трэцяй карціны оперы "Пікавая дама" Пятра Чайкоўскага. Парад зорак Вялікага тэатра Беларусі азнамянуе адкрыццё балю, а пасля прывітання гаспадароў мерапрыемства лепшым салістам оперы і балета, артыстам хору, аркестра і кардабалета тэатра будзе ўручана штогадовая навагодняя тэатральная прэмія "БелСвісБанка".

Танцавальную праграму адкрые рускі баль (дырыжор - Іван Касцяхін), у якім удзельнікі свята змогуць прадэманстраваць сваё майстэрства, прыняўшы ўдзел ва ўрачыстым паланэзе. За гадзіну да апоўначы пачнецца традыцыйны святочны канцэрт-сюрпрыз пад кіраўніцтвам дырыжора-пастаноўшчыка Андрэя Галанава, у аснове якога - рамантычная казка пра каханне "Навагодні экспрэс". Потым госці сустрэнуць стары Новы год. Вытанчаны Венскі баль (дырыжор - Андрэй Іваноў), у якім прымуць удзел вядучыя салісты оперы, прадоўжыць танцавальную праграму: госці закружацца ў рамантычным вальсе пад музыку Штрауса і Легара. У камернай зале імя Л.П.Александроўскай салісты тэатра, рэжысёр Алена Медзякова, канцэртмайстры Ашот Дрнаян-Баброўскі і Святлана Колас-Іванова прадставяць арыгінальныя канцэртныя праграмы "Опера смяецца" і "Блакітны агеньчык". Таксама тут будзе працаваць паэтычны салон "Служэнне муз".

На працягу ўсяго балю ў фае будуць працаваць стылізаваныя кафэ. У кафэ "Тайны Парыжа" будуць трансліравацца шэдэўры нямога кіно: цудоўныя старыя чорна-белыя кінастужкі, фільмы братоў Люм'ер, знакаміты фільм "Агні вялікага горада" з Чарлі Чапліным. У кафэ "Агні Манхэтэна" размесціцца фотазона, а джазавы калектыў створыць спакойную і ўтульную музычную атмасферу. Як і раней, госці змогуць загадзя забраніраваць столік у адным з гэтых кафэ.

Пасля апоўначы забаўляльную праграму прадоўжыць тэатр вогненных і светлавых паказаў "Элементаль", які прадставіць светлавое шоу шляхам пластычнага мастацтва, касцюмаў і рэквізіту са светлавымі элементамі. А ў праграме "Княжацкія гульні" выступіць шырока вядомая як у нашай краіне, так і за мяжой група "Ірдарад" - адзін з самых нестандартных музычных калектываў у стылі fantasy folk. У яе выкананні прагучаць сярэдневяковыя народныя і аўтарскія кампазіцыі, што выконваюцца на рэдкіх музычных інструментах: дудзельзак, бузукі, дзіджэрыду і іншых. У "Танга салоне" ўдзельнікі балю змогуць асвоіць асноўныя рухі самага гарачага танца - танга.

Завершыцца "Вялікі навагодні Баль у Вялікім тэатры" 14 студзеня ў 03.00.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі