Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

10 Oct 2017

Вялікі тэатр Беларусі адзначыць юбілей Валянціна Елізар'ева двума маштабнымі праектамі

Вялікі тэатр Беларусі адзначыць юбілей Валянціна Елізар'ева двума маштабнымі праектамі10 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета адзначыць 70-гадовы юбілей народнага артыста Беларусі Валянціна Елізар'ева двума маштабнымі праектамі, паведамілі БЕЛТА ў тэатры.

Вядомы балетмайстар працуе над абнаўленнем балета "Спартак", які 31 кастрычніка прадставяць гледачам, а 2 лістапада на сцэне тэатра пройдзе юбілейны вечар з удзелам зорак сусветнага і беларускага балета.

У вечары прымуць удзел: легендарны балетмайстар народны артыст СССР Юрый Грыгаровіч; заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі генеральны дырэктар Міжнароднай федэрацыі балетных конкурсаў Сяргей Усанаў; харэограф, педагог, прафесар Пекінскай акадэміі танца, выканаўчы віцэ-прэзідэнт Балетнага камітэта Кітайскай асацыяцыі нацыянальнага танца Сяа Сухуа; народная артыстка Расіі рэктар Маскоўскай дзяржаўнай акадэміі харэаграфіі Марына Лявонава; народны артыст Расіі рэктар Акадэміі рускага балета імя Ваганавай Мікалай Цыскарыдзэ; народны артыст Малдовы мастацкі кіраўнік тэатра "Кіеў мадэрн-балет" Раду Паклітару і многія іншыя. Удзельнікамі вечара стануць і салісты балета: народная артыстка Расіі Святлана Захарава (Вялікі тэатр Расіі), заслужаная артыстка Расіі Кацярына Борчанка, заслужаны артыст Расіі Іван Васільеў (Міхайлаўскі тэатр), Лізавета Шыбаева і Уладзімір Іваноў (Нацыянальны тэатр Чэхіі), лаўрэат міжнародных конкурсаў Сяа Ван Чаа (Кітай), народныя артысты Беларусі Вольга Гайко, Ігар Артамонаў, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Марына Вежнавец, Ірына Яромкіна, Антон Краўчанка, Юрый Кавалёў і інш. Дырыжор - Андрэй Іваноў.

Валянцін Елізар'еў 35 гадоў прысвяціў беларускаму балету. Яго творчая дзейнасць пачалася яшчэ ў час вучобы ў Ленінградскім дзяржаўным харэаграфічным вучылішчы імя Ваганавай і затым у Ленінградскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М.А.Рымскага-Корсакава, у 1970 годзе ён стаў лаўрэатам Усесаюзнага конкурсу балетмайстараў у Маскве. Як адзін з адораных выпускнікоў, маючых шэраг самастойных пастановак, у 1973 годзе быў запрошаны ў Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі на пасаду галоўнага балетмайстра.

Балет "Тыль Уленшпігель"На беларускай сцэне Валянцін Елізар'еў паставіў балеты "Кармэн-сюіта" (1974), "Стварэнне сусвету" (1976), "Тыль Уленшпігель" (1978, 2004), "Спартак" (1980), "Шчаўкунок" (1982), "Карміна Бурана" (1983), "Балеро" (1984), "Вясна свяшчэнная" (1986, 1997), "Рамэа і Джульета" (1988), "Дон Кіхот" (1989), "Страсці (Рагнеда)" (1995), "Жар-птушка" (1998), "Спячая прыгажуня" (2001), якія сталі эпохай у развіцці нацыянальнага харэаграфічнага мастацтва.

Валянцін Елізар'еў ставіў спектаклі ў Ленінградзе, Маскве, Любляне, Стамбуле, Варшаве, Токіа, Анкары, Каіры і інш. Балетмайстар стварыў больш за 60 харэаграфічных мініяцюр у Ленінградскім Малым тэатры оперы і балета, на ленінградскім тэлебачанні, у харэаграфічным вучылішчы імя Ваганавай, у Кіеўскім тэатры оперы і балета і г.д.

Балетная трупа тэатра неаднаразова з поспехам прадстаўляла пастаноўкі Валянціна Елізар'ева ў Венгрыі, Польшчы, Балгарыі, Югаславіі, Германіі, Кувейце, Сірыі, Егіпце, Турцыі, Францыі, Іспаніі, Нарвегіі, Грэцыі, Партугаліі, Швейцарыі, Нідэрландах, Бельгіі, Індыі, Кітаі, Тайландзе, Сінгапуры, В'етнаме, Японіі, Вялікабрытаніі, Рэспубліцы Карэя, на Кіпры і ў іншых краінах.

Валянціну Елізар'еву ўручылі медаль ЮНЕСКА "5 кантынентаў"Валянцін Елізар'еў - лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна Дружбы народаў, ордэна Айчыны II і III ступені, ордэна Францыска Скарыны, медаля Дружбы, медаля Пушкіна, медаля Benedictus XVI Pont Max Anno III, медаля ЮНЕСКА "Пяць кантынентаў", прыза Benois de la Danse Міжнароднай асацыяцыі танца, Нацыянальнай тэатральнай прэміі і шэрага іншых.

З 1995 года Валянцін Елізар'еў - прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. З 1996-га - член Савета Еўропы па культуры, акадэмік Міжнароднай славянскай акадэміі (Масква). З 1997 года - акадэмік Пятроўскай акадэміі навукі і мастацтваў (Санкт-Пецярбург).

За гады педагагічнай дзейнасці з майстэрні Валянціна Елізар'ева выйшлі выдатныя артысты, харэографы і педагогі.

Валянцін Елізар'еў з'яўляецца членам журы буйнейшых міжнародных балетных конкурсаў у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Сочы, Казані, Новасібірску, Грозным (Расія); Кіеве (Украіна); Джэксане (ЗША); Варне (Балгарыя); Токіа, Осацы, Нагоі (Японія); Пекіне, Шанхаі (Кітай); Сеуле (Рэспубліка Карэя) і інш.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі