У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

27 Врс 2018

Валянцін Елізар'еў падрыхтаваў для Вялікага тэатра маштабную творчую канцэпцыю

Валянцін Елізар'еў падрыхтаваў для Вялікага тэатра маштабную творчую канцэпцыю

27 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Народны артыст СССР Валянцін Елізар'еў сёння прадстаўлены калектыву Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі ў якасці мастацкага кіраўніка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Вярнуцца Валянцін Елізар'еў вырашыў па ўласнай ініцыятыве. Ён звярнуўся ў Міністэрства культуры з творчай канцэпцыяй развіцця Вялікага тэатра. Праўда, яе падрабязнасці новы мастацкі кіраўнік журналістам пакуль не раскрывае - вельмі доўгая і сур'ёзная размова для першага рабочага дня. Але прэзентацыя абавязкова адбудзецца, паабяцаў ён. Некаторыя падрабязнасці творчай канцэпцыі новага мастацкага кіраўніка раскрыў генеральны дырэктар Вялікага тэатра Уладзімір Грыдзюшка. Паводле яго слоў, яна разлічана на тры гады, на працягу якіх плануецца абнавіць чатыры спектаклі - "Рамэа і Джульета", "Стварэнне свету", "Балеро" і "Кармэн-сюіта".

Валянцін Елізар'еў расказаў, што перш за ўсё мае намер сустрэцца з творчымі калектывамі і іх кіраўнікамі. У размове з журналістамі ён развеяў апасенні, што як чалавек са свету балета будзе аддаваць яму перавагу. "У мяне не будзе жанраў-любімчыкаў", - падкрэсліў новы мастацкі кіраўнік.

На сустрэчы з калектывам тэатра ён адзначыў, што мае намер выкарыстоўваць свае творчыя сувязі ў розных краінах на карысць тэатра. У сваю чаргу міністр культуры Юрый Бондар выказаў упэўненасць, што вопыт, жыццёвая мудрасць Валянціна Елізар'ева, яго бясспрэчны аўтарытэт у тэатральным свеце дадуць магчымасць выбудаваць работу ў Вялікім тэатры на якасна новым узроўні.

Творчы лёс Валянціна Елізар'ева звязаны з беларускім харэаграфічным мастацтвам больш як 40 гадоў. У Вялікі тэатр Беларусі ён прыйшоў у 1973 годзе галоўным балетмайстрам. "Пастаўленыя ім на беларускай сцэне балеты сфарміравалі новы тып балетнай драматургіі, заснаванай на скразным развіцці дзеяння, паліфаніі музычна-харэаграфічных вобразаў, на метафарычнасці і разнастайнасці пластыкі, супастаўленні, кантрасце і гармоніі асобных сцэн, на адзінстве ўсіх кампанентаў спектакля", - адзначылі ў тэатры.

У 1993 годзе на VII Міжнародным конкурсе артыстаў балета ў Маскве балетмайстар быў удастоены спецыяльнай прэміі за лепшую сучасную харэаграфію. У 1996-м ён быў узнагароджаны званнем "Лепшы харэограф года" і прызам Benois de la Danse, заснаваным Міжнароднай асацыяцыяй танца.

Валянцін Елізар'еў ставіў спектаклі ў Маскве, Любляне, Стамбуле, Варшаве, Токіа, Анкары, Каіры і інш. На працягу многіх гадоў ён з'яўляецца старшынёй журы Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, членам журы міжнародных конкурсаў балета ў Варне (Балгарыя), Маскве, Сочы, Казані, Новасібірску (Расія), Нагоі (Японія), Кіеве (Украіна), Джэксане (ЗША), Шанхаі і Пекіне (Кітай).

Валянцін Елізар'еў выбраны акадэмікам Міжнароднай славянскай акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры (1996), акадэмікам Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (1997). Двойчы ўдастоены (1998, 2001) спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі за дасягненні ў галіне харэаграфічнага мастацтва і ўклад у развіццё міжнародных культурных сувязей. У 1997 годзе ўзнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны, у 2003-м - ордэнам Айчыны III ступені, у 2007-м - ордэнам Айчыны II ступені. Ён з'яўляецца прафесарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, больш як чатыры дзесяцігоддзі ўзначальвае беларускую харэаграфічную школу падрыхтоўкі кадраў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс
Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску