Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

21 Снж 2020

Вакцынацыя беларусаў ад каранавіруса пачнецца ў студзені

Вакцынацыя беларусаў ад каранавіруса пачнецца ў студзені
Фота з архіва

21 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вакцынацыя беларусаў ад каранавіруса з дапамогай расійскай вакцыны "Спадарожнік V" пачнецца ў студзені, паведаміў журналістам міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Першая партыя вакцыны паступіць у студзені. Мы пачнём прышчэпачную кампанію ў студзені", - сказаў Дзмітрый Піневіч.

Ён праінфармаваў, што пасля ўсебаковага вывучэння пададзенага расійскім бокам у рэгулятарныя органы дасье прынята рашэнне аб рэгістрацыі гэтай расійскай вакцыны і дазволе яе да прымянення і абароту на тэрыторыі Беларусі. "Вакцына зарэгістравана ў краіне, дадзены дазволы на клінічнае прымяненне, - адзначыў ён. - Вакцына можа прымяняцца на тэрыторыі нашай краіны ўжо ў рамках не клінічных выпрабаванняў, а звычайнай работы. Цяпер стаяць пытанні далейшай пастаўкі і г.д.".

На першым этапе вакцынавацца будуць медыцынскія работнікі, настаўнікі, работнікі гандлю і іншых сфер, вымушаныя па прафесіі кантактаваць з вялікай колькасцю людзей. Вакцыну яны атрымаюць бясплатна.

Паводле слоў міністра, "на першым этапе плануецца вакцынаваць 200 тыс. чалавек з далейшым ахопам 2 млн". "Можа, гэта будзе больш ці менш - усё залежыць ад эпідэмічнай сітуацыі", - сказаў ён, адзначыўшы, што сумесна з экспертамі будзе выпрацавана пакрокавая стратэгія.

Адказваючы на пытанне, ці вядуцца перагаворы з іншымі пастаўшчыкамі вакцын, Дзмітрый Піневіч паведаміў, што разглядаюцца ўсе варыянты. "Але работа з расійскімі калегамі з'яўляецца прыярытэтнай, тым больш мы працуем па магчымай лакалізацыі вытворчасці вакцыны на тэрыторыі рэспублікі", - дадаў ён.

Рэгістрацыйнае дасье вакцыны "Спадарожнік V" (Гам-КАВІД-Вак) было пададзена ў Цэнтр экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя на працэдуру ўмоўнай дзяржаўнай рэгістрацыі ў лістападзе 2020 года. Для ўсебаковай ацэнкі матэрыялаў рэгістрацыйнага дасье загадам Міністэрства аховы здароўя была створана экспертная група, у якую разам з экспертамі Цэнтра экспертыз уключаны вядучыя інфекцыяністы рэспублікі і супрацоўнікі рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў. Былі прааналізаваны матэрыялы, якія датычацца даклінічнага вывучэння вакцыны. Устаноўлена, што вакцына "Спадарожнік V" прайшла ў поўным аб'ёме ўсе этапы даклінічных выпрабаванняў па эфектыўнасці і бяспецы.

Як адзначылі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя, у клінічнае выпрабаванне вакцыны на тэрыторыі Беларусі былі ўключаны 100 удзельнікаў. Іх выпадковым чынам падзялілі на групы: першая атрымала вакцыну, а другая - плацэба. Вакцынацыя ўключае ўвядзенне двух кампанентаў вакцыны з інтэрвалам 21 дзень. У добраахвотнікаў ацэньваецца фарміраванне гумаральнага (выпрацоўка антыцел) і клетачнага імуннага адказу на вакцынацыю.

У Беларусі па стане на 9 снежня, усе 100 удзельнікаў даследавання трэцяй фазы атрымалі першы кампанент вакцыны, другі - 98: у двух пацыентаў была выяўлена каранавірусная інфекцыя пры абавязковым тэсціраванні па выяўленні РНК SARS-CoV-2 перад увядзеннем другой дозы. "Другую прышчэпку атрымалі 98 чалавек, двое паміж першым і другім увядзеннем кантактавалі (з заражаным чалавекам. - Заўвага БЕЛТА) і перахварэлі, таму другая фаза прышчэпкі ім не была праведзена", - адзначыў Дзмітрый Піневіч.

Назіранне за ўдзельнікамі даследавання прадоўжыцца на працягу 180 дзён (6 месяцаў), пасля чаго будзе падрыхтавана фінальная справаздача.

Разам з тым, як адзначылі ў прэс-службе, у вакцынаваных людзей выпрацоўваецца ўстойлівы і гумаральны, і клетачны імунны адказ. Гэта забяспечваецца за кошт выкарыстання двух розных вектараў, якія дастаўляюць прэпарат і адначасова вырашаюць праблему магчымага нейтралізуючага эфекту пры другой ін'екцыі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі