8 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Удзельнік форуму "Дзеці Садружнасці" з Таджыкістана Рахімі Пайраў адзначыў, што яго ўражваюць адносіны беларусаў да гісторыі, асабліва Вялікай Айчыннай вайны. Аб гэтым ён сказаў пасля адкрыцця форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Рахімі Пайраў расказаў, што на форуме ён не ўпершыню. У 2023 годзе ён прымаў ужо ў ім удзел, тады наведвалі Узбекістан, і, успомніўшы тыя "цёплыя часіны", ён адразу ж захацеў прыехаць у Беларусь. "Мне гэты форум вельмі падабаецца, таму што розныя народы паказваюць сваю культуру, музыку, звычаі", - адзначыў удзельнік.
Беларусь стала першай еўрапейскай краінай, якую яму ўдалося наведаць. Тут яго ўразілі адносіны да гісторыі і памяці пра Вялікую Айчынную вайну. "Гэта краіна, у якой вельмі шануюць загінулых у баях, якая заўсёды ўспамінае гэту вайну. У Вялікай Айчыннай вайне Беларусь была першай, хто атрымаў удар ад немцаў. Яны (жыхары рэспублікі. - Заўвага БЕЛТА) не здаваліся нават з малой колькасцю людзей, яны змагаліся", - расказаў ён і дадаў, што яго захапляе і тое, як беларусы змаглі адбудаваць і развіць сваю краіну.
Беларускія славутасці, мова і багацце культурных мерапрыемстваў для дзяцей таксама зрабілі на госця добрае ўражанне. Яму асабліва запомнілася наведванне Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. А яшчэ ён паспеў ужо вывучыць некалькі беларускіх слоў.
Таксама госця ўразіла беларуская прырода."У нас прырода такая змешаная: лесу мала, гор шмат. У вас жа вельмі шмат лесу. Тут больш дрэў - сосен, бяроз - і больш палёў", - падзяліўся ён.
Рахімі Пайраў паспеў пазнаёміцца ўжо з удзельнікамі з Расіі і таварышамі з Узбекістана, Арменіі і Туркменістана.
Міжнародны культурна-адукацыйны форум "Дзеці Садружнасці" упершыню праходзіць у Беларусі. У гэтым годзе ён прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Тэма "Памяць і адзінства пакаленняў" стане нагадваннем аб тым, як важна захоўваць гісторыю і быць разам.
У форуме прымаюць удзел дэлегацыі школьнікаў з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Міжпарламенцкая асамблея СНД і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД.