Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

18 Sep 2017

Універсітэцкія тэатры з 9 краін збяруцца на фестывалі "Тэатральны куфар. БДУ-2017"

18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Універсітэцкія тэатры з 9 краін прымуць удзел у міжнародным фестывалі "Тэатральны куфар. БДУ-2017", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БДУ.

Фестываль збярэ 21 універсітэцкі тэатр з Беларусі, Расіі, Вялікабрытаніі, Польшчы, Сербіі, Чылі, Балгарыі, Філіпін, Туніса. Беларусь прадставяць сем тэатральных калектываў, а ўсяго ў конкурснай праграме прымуць удзел больш за 200 артыстаў.

У гэтым годзе ў рамках фестывалю адбудзецца біенале пластычных мастацтваў "Куфар_пластылін". Знакавай падзеяй стане гасцявы прафесійны монаспектакль "Я хачу быць з табой", аўтарам і выканаўцам якога з'яўляецца кіраўнік "Maat Projekt Theatre" Томаш Базан (горад Люблін, Польшча).

Адным з самых відовішчных дзеянняў гэтага сезона стане "фірменны" праект фестывалю "Куфар-in-Motion", які аб'яднае ўсіх удзельнікаў. Канцэпцыя зводзіцца да імправізацыі рэжысёра ў стварэнні невялікага па форме спектакля за некалькі рэпетыцый. У пастаноўцы змогуць прыняць удзел усе артысты фестывалю. Унікальны паказ адбудзецца на цырымоніі закрыцця і яго можна будзе ўбачыць толькі раз. У гэтым годзе рэжысёрам харэаграфічнага спектакля выступіць Алена Русіна з Санкт-Пецярбурга.

Афіша фестывалю ўключае пастаноўкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, які пакажа рэжысёрскую работу Ганны Сулім па дакументальных матэрыялах і спадчыне Усевалада Меерхольда, Маскоўскага драматычнага тэатра "Мадэрн", які прывёз на фестываль "Тры сястры" А.П.Чэхава. У праграме фестывалю па драме маладога пісьменніка Дзмітрыя Багаслаўскага новы спектакль "Любоў людзей" студэнцкага калектыву БДУ "На балконе". Таксама на фестывальнай сцэне ажывуць героі п'ес Вампілава, Шэкспіра, Іванава ў выкананні акцёраў іншых тэатраў. Паказы пройдуць на англійскай, іспанскай, сербскай, польскай і рускай мовах.

Галоўны прыз - "Вялікі куфар" - прысудзіць глядач, галасуючы пасля кожнага спектакля. А прафесійнае журы вызначыць лепшы спектакль асобна сярод аматарскіх і прафесійных тэатраў.

"Тэатральны куфар" праводзіцца штогод з 2004 года з мэтай аб'яднання таленавітай і актыўнай моладзі з усяго свету. За гэты час яго ўдзельнікамі сталі студэнцкія тэатральныя калектывы з 45 краін. Ён з'яўляецца адзіным у Беларусі Міжнародным фестывалем студэнцкіх тэатраў і адным з самых вядомых ва Усходняй Еўропе.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі