6 верасня, Ліда /Кар. БЕЛТА/. XXXII Дзень беларускага пісьменства прымае 6 і 7 верасня Ліда, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Урачыстасці Дня беларускага пісьменства ўжо шмат гадоў праводзяцца ў розных гарадах Беларусі для папулярызацыі лепшых традыцый нацыянальнай культуры і друкаванага слова. Свята прымаюць гістарычныя і культурныя цэнтры, з якімі звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. Традыцыя святкавання Дня беларускага пісьменства ўзнікла ў 1994 годзе, калі 28 жніўня ў Полацку ўпершыню прайшлі мерапрыемствы ў гонар Дня беларускага пісьменства і друку. 26 сакавіка 1998 года быў прыняты ўказ Прэзідэнта нумар 157 "Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь", які ўстанавіў, што Дзень беларускага пісьменства будзе штогод адзначацца ў першую нядзелю верасня. З гэтага часу свята атрымала асабліва шырокі размах і падтрымку на самым высокім узроўні.
У гэтым годзе сталіцай Дня беларускага пісьменства стаў горад Ліда Гродзенскай вобласці. У канцэпцыю свята было закладзена некалькі асноўных тэм: 80-годдзе Вялікай Перамогі, Год добраўпарадкавання, 500-годдзе з дня першай публікацыі кнігі "Апостал" Францыска Скарыны і юбілейныя даты класікаў беларускай літаратуры.
Як расказала загадчык сектара арганізацыі кніжных выстаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Святлана Кажамяка, сёння ва ўсіх гасцей ёсць магчымасць убачыць факсімільнае выданне кнігі "Апостал", а таксама зрабіць уласную буквіцу і прайсці ўнікальную настольную гульню.
"Можна сказаць, што свята Дня пісьменства пачынаецца з выключнай для беларускай культуры асобы - Скарыны, таму сёння бібліятэка робіць акцэнт на юбілейным выданні, якое лічыцца сапраўдным рарытэтам. Гэта першае дакладна датаванае выданне на тэрыторыі ўсходніх славян і апошняя надрукаваная Скарынам кніга, дзе ён тлумачыць канцэпцыю сваёй выдавецкай справы і кніжнай спадчыны", - адзначыла Святлана Кажамяка.
"Рарытэтнасць гэтага выдання вымяраецца і тым, што сёння ў свеце засталося толькі 10 яго вядомых экзэмпляраў. І ў нашай экспазіцыі на карце можна ўбачыць, у якіх яны краінах. Пры гэтым у кожнага з гэтых выданняў ёсць свае асаблівасці. Напрыклад, у некаторых няма пэўных старонак. Таму яшчэ ў 2017 годзе Нацыянальная бібліятэка прадставіла асаблівае факсімільнае выданне, дзякуючы якому можна азнаёміцца з "Апосталам" у самым поўным яго варыянце", - дадала загадчык сектара арганізацыі кніжных выстаў НББ.
Не абмінула экспазіцыю і тэма Вялікай Айчыннай вайны. Многія школы прадставілі гісторыю свайго краю, герояў і выдатных літаратараў.
Кіраўнік музея "На мяжы ўзгорку і раўнін" Круцілавіцкай базавай школы Дзятлаўскага раёна Сяргей Каско нагадаў, што ў мінулым годзе горад Дзятлава быў узнагароджаны вымпелам "За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны". У свой час горад вызначыўся актыўным партызанскім рухам, а побач з мужчынамі ў небе змагаліся легендарныя "начныя ведзьмы" - лётчыцы Таманскага авіяцыйнага жаночага палка пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза Еўдакіі Бяршанскай.
"На нашай зямлі таксама нарадзілася шмат таленавітых літаратараў: Вячаслаў Адамчык, Віктар Шымук, Андрэй Татур і іншыя. Школа распрацавала турыстычны маршрут "Літаратурная Дзятлаўшчына" па аб'ектах, звязаных з гэтымі асобамі", - падкрэсліў Сяргей Каско.
На яго думку, менавіта беларуская мова аб'ядноўвае наш народ і дапамагае захоўваць нацыянальную ідэнтычнасць, таму нам трэба яе берагчы, развіваць і перадаваць наступным пакаленням.
На свята прыйшлі не толькі дарослыя. Так, пяцікласніца Арына Чарнецкая даведалася пра Дзень пісьменства ад дырэктара школы і прыйшла на яго разам са сваімі аднакласнікамі. Яе асабліва зацікавіла пляцоўка БЕЛТА, дзе яна змагла напісаць пісьмо сваёй бабулі Жанне. "Яна жыве ў Мінску, і я не часта ў яе бываю, таму рада, што ў мяне з'явілася магчымасць так яе парадаваць", - прызналася Арына.
Ёй вельмі падабаецца чытаць народныя казкі і творы Пушкіна, таму сёння Арына плануе купіць некалькі новых кніг. Іх прэзентуюць розныя выдавецтвы. У чытачоў таксама будзе ўнікальная магчымасць пазнаёміцца са шматлікімі аўтарамі і ўзяць у іх аўтографы. Таксама будзе магчымасць азнаёміцца з культурай усіх беларускіх абласцей, наведаць інтэрактыўныя пляцоўкі і майстар-класы ад народных умельцаў.
Гледачы змогуць убачыць ваенна-гістарычную рэканструкцыю і канцэрт Вялікага тэатра Беларусі, наведаць адкрыццё новай кнігарні і пазнаёміцца з экспазіцыямі розных выстаў. Урачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства адбудзецца ў 20.00. Яго неад'емнай часткай стане ўзнагароджванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу "Нацыянальная літаратурная прэмія". Завершыцца першы дзень свята маляўнічым феерверкам.