11 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі праходзяць сустрэчы для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове культуры.
Апошняя прайшла 9 жніўня, яе ўдзельнікамі сталі дзеці-акцёры сямейнага інклюзіўнага тэатра "і". "Мы пастаянна стараемся прапаноўваць наведвальнікам інклюзіўныя метады работы. У летні сезон сабраць дзяцей было больш складана, чым у час вучобы, таму сустрэча планавалася загадзя. Наш музей даўно знаёмы з дзецьмі з сямейнага інклюзіўнага тэатра "і". Так, мы неаднаразова праводзілі выставы аднаго з членаў тэатра, мастака Максіма Лагуна. Гэтыя хлопцы і дзяўчаты цікавяцца мастацтвам, і мы лёгка знаходзім з імі агульную мову. На гэты раз мы не проста расказвалі пра розныя творы, у нас атрымалася цэлая гутарка", - расказала вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Марына Трафімава.
Яна дадала, што экскурсія была адаптавана спецыяльна пад дзяцей, паколькі ў супрацоўнікаў музея ёсць вопыт работы з такімі наведвальнікамі. У музеі такія мерапрыемствы плануюць праводзіць на пастаяннай аснове, а запрашэнні анансаваць у сацыяльных сетках. У такіх сустрэчах змогуць паўдзельнічаць не толькі пэўныя гурткі і арганізацыі, але і цэлыя сем'і.
"Па цікавым збегу абставін 10 жніўня да нас на экскурсію прыйшлі дзеці з Рудзенскай спецыяльнай школы-інтэрната, дзе вучацца хлопцы і дзяўчаты з зусім іншымі дыягназамі. Іх педагогі не чакалі, што экскурсія пройдзе так камфортна. Нас іх словы вельмі парадавалі, бо гэта паказчык таго, што мы працуем у правільным рэчышчы", - адзначыла Марына Трафімава.
Паводле яе слоў, наступную інклюзіўную акцыю ў музеі плануюць правесці 26 жніўня. Магчыма, гэта будзе захапляючая лабараторыя або семінар па зразумелай мове, што цяпер актыўна ўкараняецца ў жыццё пажылых людзей і дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Сустракацца з дзецьмі ў музеі плануюць мінімум раз у месяц.