Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

13 Крс 2023

У Міжнародным велікодным фестывалі ў Мінску прымуць удзел музыканты з Расіі і Узбекістана

У Міжнародным велікодным фестывалі ў Мінску прымуць удзел музыканты з Расіі і Узбекістана
Фота з архiва

13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У VI Міжнародным велікодным фестывалі, які пройдзе 17-21 красавіка ў Мінску, прымуць удзел музыканты з Расіі і Узбекістана, паведаміла журналістам рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Алена Куракіна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У фестывалі прымуць удзел выдатныя музыканты Беларусі і замежжа. Слухачы, калі прыйдуць на канцэрт 20 красавіка, будуць мець унікальную магчымасць пачуць трыа салістаў, якія з'яўляюцца прафесарамі нашых ВНУ-партнёраў. Да іх належаць заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі, прафесар Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага Аляксандр Трасцянскі, заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі, рэктар Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М.А. Рымскага-Корсакава Аляксей Васільеў і салістка Дзяржаўнай кансерваторыі Узбекістана, прафесар Саера Гафурава. Гэта трыа мы чакалі вельмі доўга. Больш за паўгода вяліся ўзгадненні для таго, каб сабраць іх разам", - сказала Алена Куракіна.

Кіраваць канцэртам - адкрыццём фестывалю і выступаць з сімфанічным аркестрам 20 красавіка будзе народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі, прафесар кафедры опернай падрыхтоўкі і харэаграфіі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Аляксандр Анісімаў.

"VI Міжнародны велікодны фестываль - гэта маштабная падзея ў жыцці творчай моладзі і таленавітых музыкантаў, якія вучацца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры акадэміі музыкі, а таксама знакавая падзея для ўсёй музычнай культуры нашай краіны", - заўважыла Алена Куракіна.

Паводле яе слоў, упершыню фестываль прайшоў у 2017 годзе і з таго часу праводзіўся штогод за выключэннем 2020-га. Ідэя стварэння фестывалю належыць Кацярыне Дулавай, якая цяпер з'яўляецца генеральным дырэктарам Вялікага тэатра Беларусі, а раней займала пасаду рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Пад яе творчым кіраўніцтвам прайшло чатыры фестывалі і склаліся галоўныя традыцыі мерапрыемства.

"У аснове фестывалю ляжыць ідэя далучэння творчай моладзі да свята Вялікадня. Мы падтрымліваем дыялог пакаленняў, сумесную творчасць вопытных майстроў і музыкантаў-пачаткоўцаў. Фестываль таксама дапамагае развіваць і ўзбагачаць нацыянальную культуру нашай краіны", - адзначыла рэктар БДАМ.

Яна таксама дадала, што фестываль атрымаў благаславенне Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Веніяміна, а цяпер праходзіць узгадненне прысутнасці ўладыкі на адным з выступленняў.

"Маштабная праграма фестывалю будзе складацца з шасці канцэртаў. Адзін з іх будзе праводзіцца ў Святадухаўскім кафедральным саборы. У канцэрце прымуць удзел Архірэйскі хор Святадухаўскага кафедральнага сабора, мужчынскі хор "Усіхсвяцкі" прыхода ў гонар Усіх Святых горада Мінска і студэнцкі хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі", - адзначыла Алена Куракіна.

Узнагароджанне лаўрэатаў фестывалю адбудзецца 19 красавіка. Узнагароды ўручаюць за найбольш выдатныя творчыя вынікі, якіх удзельнікі дасягнулі за год, што папярэднічаў фестывалю. "У гэтым годзе ў нас чацвёра лаўрэатаў, але іх імёны я выдаваць не буду. Гэта інтрыга", - не стала дзяліцца падрабязнасцямі рэктар акадэміі музыкі.

Фестываль праводзіцца Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі, Рэспубліканскай гімназіяй-каледжам пры БДАМ пры падтрымцы Міністэрства культуры і спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі