Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

22 Лют 2018

У Дзень роднай мовы NaviBand прэзентавалі сумесную работу з Меліцінай Станютай

22 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Дзень роднай мовы фіналісты "Еўрабачання-2017" група NaviBand сумесна з вядомай беларускай гімнасткай Меліцінай Станютай прэзентавалі відэа народнай песні "Рэчанька", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА артысты.

"Мы часта выступаем за мяжой і ў час канцэртаў заўсёды расказваем пра Беларусь. Кожны раз менавіта "Рэчаньку" ў нашай версіі ўспрымаюць на ўра. І мы вырашылі абавязкова яе запісаць. На адным з нашых канцэртаў прысутнічала Меліціна. Пачуўшы гэту песню, яна зрабіла вельмі прыгожы сольны нумар, з якім цяпер выступае па свеце. Мы вырашылі, што гэта павінны ўбачыць і вы, нашы слухачы, таму што спалучэнне энергіі песні і харызмы Меліціны стварае магію", - расказалі ўдзельнікі групы Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук.

Беларуская гімнастка падзялілася, што шмат часу выношвала ідэю паставіць нумар пад народную песню, але ўсё было не тое. Пачуўшы "Рэчаньку", зразумела, што гэты варыянт ідэальны. Пачаўшы працаваць летам, Меліціна завяршыла нумар да лістапада і ўпершыню прадставіла яго на самым прэстыжным гімнастычным шоу у Іспаніі, дзе ён меў вялікі поспех у гледачоў.

Спартсменка дадала, што даўно знаёма з творчасцю NaviBand і слухала групу задоўга да "Еўрабачання", пасля якога пра яе даведаліся вельмі многія. "Калі за мяжой просяць расказаць пра беларускіх музычных выканаўцаў, я з гонарам называю "Песняроў" і "Наві", - расказала гімнастка.

А музыканты тым часам выступаюць з канцэртамі, прэзентуючы новы альбом "Адной дарогай". Выступленні групы пройдуць 22 і 25 лютага ў Кіеве і Львове. У сакавіку ў NaviBand запланаваны тры канцэрты: у Віцебску (2 сакавіка), Гродне (8 сакавіка) і Мінску (9 сакавіка). Альбом "Адной дарогай" - чацвертая пласцінка калектыву, яна цалкам на беларускай мове. Гэта жывы, натуральны, светлы і вельмі шчыры альбом, прасякнуты любоўю да роднай мовы, роднай зямлі, музыкі, жыцця і, вядома ж, адзін да аднаго.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі