Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

6 Jan 2023

У Белавежскай пушчы расказалі, чым будуць здзіўляць турыстаў у 2023 годзе

У Белавежскай пушчы расказалі, чым будуць здзіўляць турыстаў у 2023 годзе
Фота з архiва

6 студзеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У нацыянальным парку "Белавежская пушча" апублікавалі каляндар турыстычных падзей на 2023 год, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Акцэнт зроблены на тое, што ў нацпарку можна цікава і пазнавальна правесці час у любую пару года. Масавыя мерапрыемствы распісаны практычна на кожны месяц. "У 2023 годзе ў нас з'явілася больш мерапрыемстваў, стала больш разнастайнай іх тэматыка. Дадалі ў каляндар не толькі святы, але і эколага-асветныя мерапрыемствы. Да нас прыязджае шмат людзей, якім цікавы вялікі спектр момантаў з жыцця Белавежскай пушчы", - расказала начальнік аддзела турызму, маркетынгу і рэкламы нацпарка Аксана Багалейша.

Так, 25 лютага гасцей запрашаюць адзначыць масленіцу. У гэты дзень у Белавежскай пушчы да наступнай зімы развітаюцца са Снягурачкай. У сакавіку турыстам прапануюць паназіраць за зубрамі і пабываць у запаведнай дуброве. На 1 красавіка намечана свята "Гуканне вясны". Арганізатары рыхтуюць конкурсы, майстар-класы і гульні, прысвечаныя птушкам, якія насяляюць пушчу. А ў канцы месяца (папярэдне, 22 красавіка) у нацыянальным парку адкрыюць веласіпедны сезон. У гэты дзень правядуць займальны квест па шляху да сядзібы беларускага Дзеда Мароза. Майская праграма таксама насычаная. На 8 мая намечаны велапрабег "Дарога Памяці", прымеркаваны да Дня Перамогі. Таксама 18 мая Белавежская пушча далучыцца да міжнароднай акцыі "Ноч музеяў". А 27 мая прыцягне аўдыторыю, якая цікавіцца прыродазнаўствам. Навуковыя супрацоўнікі выступяць з лекцыямі і прэзентацыямі аб нацыянальных парках Беларусі.

Лета таксама абяцае быць цікавым. Так, 3 чэрвеня турыстаў запрашаюць наведаць фестываль "Добрыя суседзі" і адпачыць на Царскай паляне. Сустрэцца з традыцыямі купальскага вечара можна будзе 6 ліпеня. А 29 ліпеня ў нацыянальным парку абяцаюць правесці свята варэння. Верагодна, аматараў гісторыі і даўніны не пакіне абыякавым "Дзень жывой археалогіі". На тэрыторыі археалагічнага музея пад адкрытым небам 19 жніўня адновяць моманты жыцця людзей у бронзавым і жалезным вяках, запланаваны майстар-класы па старажытных промыслах і рамёствах.

Восень работнікі нацыянальнага парка называюць самай прыгожай парой года ў Белавежскай пушчы. Яны запрашаюць гасцей 16 верасня шумна і весела адзначыць прафесійнае свята - Дзень работнікаў лесу. Яшчэ адной запамінальнай падзеяй можа стаць 23 верасня. У гэты дзень турыстам прапануюць паназіраць за рыканнем аленяў. На 21 кастрычніка намечана закрыццё веласіпеднага сезона. У лістападзе ж чакаецца зацішша перад пачаткам зімовага сезона. Ужо вядома, што 9 снежня ў сядзібу Дзеда Мароза зноў вернецца Снягурачка. Дарэчы, сёлета споўніцца 20 гадоў з моманту адкрыцця казачнай сядзібы. З гэтай нагоды ў Белавежскай пушчы адзначаць вялікае свята.

"У 2022-м мы адчулі павелічэнне турпатоку. Цікава, што ён размяркоўваўся раўнамерна на працягу ўсяго года. У нас пабывалі больш за 500 тыс. чалавек", - дадала Аксана Багалейша.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі