Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

5 Лют 2020

У Беларусі створана рабочая група па недапушчэнні завозу каранавіруса ў краіну

У Беларусі створана рабочая група па недапушчэнні завозу каранавіруса ў краіну
Фота з архiва

5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі створана міжведамасная рабочая група па недапушчэнні завозу каранавіруса ў краіну. Аб гэтым расказаў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік у інтэрв'ю праграме "Панарама" на тэлеканале "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.

Ва ўрадзе 4 лютага адбылася нарада па сітуацыі з каранавірусам. "Створана міжведамасная група на чале з намеснікам прэм'ер-міністра Уладзімірам Кухаравым. Сустаршыні - міністр аховы здароўя і міністр па надзвычайных сітуацыях. Мэта - забяспечыць максімальна эфектыўнае ўзаемадзеянне розных дзяржорганаў для недапушчэння завозу гэтага віруса ў краіну і лакалізацыі, калі такі пацыент у нашу краіну ўсё ж такі трапіць. На гэты час ніводнага хворага і ніводнага выпадку завозу каранавіруса ў Беларусь не выяўлена", - сказаў Уладзімір Каранік.

Паводле яго слоў, 48 пацыентаў, якія былі ў Кітаі апошнія тры тыдні, звярнуліся да ўрачоў з прыкметамі віруснай інфекцыі. Пашыраныя лабараторныя даследаванні не пацвердзілі наяўнасць каранавіруса. Былі выяўлены вірусы грыпу, рынавірусы і іншыя рэспіраторныя вірусы, якія з'яўляюцца звычайнымі для Беларусі.

З кітайскага горада Ухань (правінцыя Хубэй), закрытага на каранцін з-за ўспышкі каранавіруса, 2 лютага былі эвакуіраваны пяць беларускіх грамадзян. Пры падтрымцы казахскага боку яны дастаўлены ў Нур-Султан, дзе знаходзяцца ў супрацьінфекцыйным корпусе пры шматпрофільнай бальніцы і застануцца там да зняцця каранціну. Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, усе адчуваюць сябе здавальняюча, без прыкмет хваробы. Казахскі бок 4 лютага планаваў перадаць ім сім-карткі і сродкі мабільнай сувязі.

З'явілася таксама інфармацыя аб тым, што яшчэ 10 грамадзян Беларусі эвакуіруюць з Кітая ў Цюменскую вобласць Расіі. "Мы знаходзімся ў пастаянным кантакце з прадстаўнікамі Расіі. Пасля эвакуацыі ў Цюмень будзе прымацца рашэнне, у якіх лячэбных або прафілактычных установах яны будуць размешчаны. Усе гэтыя грамадзяне без прыкмет інфекцыйнага працэсу, заставацца там яны будуць на час інкубацыйнага перыяду (14 дзён). Калі будзе зразумела, дзе яны размясціліся, з імі наладзяць сувязь супрацоўнікі консульскіх аддзелаў або беларускага пасольства", - адзначыў міністр.

"Не вельмі шмат нашых грамадзян знаходзіцца ў Кітаі. Але атрымана пацвярджэнне ад урадаў Казахстана і Расіі, што калі яны выкажуць жаданне эвакуіравацца, ім будуць прадастаўлены месцы ў казахскіх або расійскіх самалётах", - падкрэсліў Уладзімір Каранік.

Міністр таксама звярнуў увагу на тое, што Беларусь плануе адправіць у КНР яшчэ адзін борт з гуманітарнай дапамогай. Там будуць сродкі індывідуальнай абароны, дэзынфіцыруючыя сродкі айчыннай вытворчасці.

Як паведамлялася, у Беларусі праводзіцца комплекс санітарна-проціэпідэмічных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне завозу і распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай каранавірусам новага тыпу. Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе ўстрымацца ад наведвання КНР. У пунктах пропуску на дзяржаўнай граніцы праводзіцца ўзмоцнены санітарна-каранцінны кантроль асоб, якія прыбываюць на тэрыторыю краіны, у тым ліку з выкарыстаннем цеплавізійнага абсталявання. У 23 пунктах пропуску арганізаваны забор матэрыялу для лабараторнага абследавання грамадзян, якія прыбываюць з КНР. У Нацыянальным аэрапорце Мінск забяспечана правядзенне двайнога санітарна-каранціннага кантролю.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі