Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

25 Jan 2023

Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН прапануе паслухаць лекцыі па генеалогіі і паглядзець рэдкія кнігі

Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН прапануе паслухаць лекцыі па генеалогіі і паглядзець рэдкія кнігі
Фота з архiва

25 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі з 25 студзеня па 10 лютага правядзе дні адкрытых дзвярэй, прымеркаваныя да Дня беларускай навукі, паведамілі БЕЛТА ў ЦНБ НАН Беларусі.

Мерапрыемствы стартуюць з навукова-папулярнай лекцыі "Сфера генеалогіі: асаблівасці генеалагічных даследаванняў", якая адбудзецца 25 студзеня (пачатак у 17.30).

Пытанням тэарэтычнай і практычнай генеалогіі, працэсу пошуку звестак аб продках і сістэматызацыі знойдзенай інфармацыі будзе прысвечаны цыкл аўтарскіх лекцый кандыдата гістарычных навук Вадзіма Урублеўскага. Гэта частка работы Акадэміі маладых генеалогаў ЦНБ НАН Беларусі.

З асноўнымі дасягненнямі ў галіне фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў і распрацоўкамі беларускіх вучоных па важнейшых напрамках прыродазнаўчых, тэхнічных і гуманітарных навук можна будзе азнаёміцца на кніжнай выставе "Навука Беларусі: інавацыі, тэхналогіі, прыярытэты". Экспазіцыя разгорнецца ў холе першага паверха, дзякуючы чаму са зместам кніг можа азнаёміцца любы жадаючы ў адпаведнасці з рэжымам работы бібліятэкі.

Кожны аўторак і чацвер (26, 31 студзеня, 2, 7, 9 лютага) у інфармацыйна-выставачным цэнтры будзе дэманстравацца фільм "Якуб Наркевіч-Ёдка. Утаймавальнік маланак, або "Электрычны чалавек". Пачатак сеансаў у 12.00 і 18.00. Тут жа ўвазе наведвальнікаў будзе прадстаўлена выстава "Спадзяюся, што праца мая з часам прынясе маю сціплую лепту навуцы…", прымеркаваная да 175-годдзя з дня нараджэння Я.Наркевіча-Ёдкі, беларускага вучонага-прыродазнаўца.

Прафесар Якуб Наркевіч-Ёдка - яркая постаць у гісторыі навукі XIX стагоддзя. Яго папулярнасць у навуковых колах сучаснікі параўноўвалі з папулярнасцю Л.Пастэра і К.Фламарыёна ў Францыі, а некаторыя з навуковых даследаванняў - з доследамі В.Рэнтгена. Яго імя часта сустракалася на старонках расійскіх і еўрапейскіх навуковых выданняў у XIX стагоддзі, а ў 1896 годзе ў Парыжы выйшла кніга, прысвечаная жыццю і навуковай дзейнасці Я.Наркевіча-Ёдкі. Яго навуковыя пошукі вяліся на стыку шэрага напрамкаў - фізікі, метэаралогіі, медыцыны і псіхалогіі. Яны значна апярэджвалі час, што не дало магчымасці пры жыцці вучонага ў поўнай меры зразумець і ацаніць яго несумненны ўклад у развіццё многіх навук.

На выставе будуць прадстаўлены некаторыя публікацыі Я.Наркевіча-Ёдкі, кнігі, навукова-папулярныя артыкулы, прысвечаныя жыццю таленавітага вучонага, а таксама прыведзены вынікі праведзеных ім даследаванняў і дадзена ацэнка асноўным дасягненням вучонага як яго сучаснікамі, так і з пазіцыі навукі XX-XXI стагоддзяў.

Традыцыйна ў дні адкрытых дзвярэй бібліятэка арганізуе аглядныя экскурсіі і экскурсіі па экспазіцыі ў чытальнай зале аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў. Гасцям будуць прадэманстраваны найбольш рэдкія выданні з фондаў бібліятэкі: заходнееўрапейскія кнігі XV стагоддзя (інкунабулы), выданні з кніжнага збору Радзівілаў Нясвіжскай ардынацыі і інш.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі