Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

5 Dec 2018

Тры навагоднія фотавыставы адкрыюцца ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў

Тры навагоднія фотавыставы адкрыюцца ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў

5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Беларусі 13 снежня адкрыецца вялікі навагодні праект, які складаецца з трох фотавыстаў, паведаміў БЕЛТА куратар праекта Уладзімір Парфянок.

"Напярэдадні навагодніх свят мы прадставім тры фотавыставы. Экспанатамі першай, якая называецца "Калі ёлкі былі вялікімі", стануць фатаграфіі з сямейных фотаальбомаў і архіваў беларускіх фатографаў, мастакоў і проста аматараў мастацтва. Экспазіцыя навагодніх фатаграфій як мага лепш перадае дух таго часу, калі фатаграфаванне дзяцей і дарослых ля святочна прыбранай ёлкі было ледзь не самым любімым і галоўным сямейным рытуалам. Выстава падрыхтавана ў рамках праекта "Археалогія беларускай фатаграфіі", які прапануе паглядзець на наша мінулае праз прызму аматарскай фатаграфіі - крыніцы самай дакладнай візуальнай інфармацыі аб мінулым часе", - адзначыў куратар праекта.

Другая выстава "Pro ёлкі" аб'яднае творчыя работы вядомых беларускіх фатографаў на навагоднюю тэму. "Час ёлак даволі разнастайна і супярэчліва паказваецца ў творах удзельнікаў гэтага праекта. У адной экспазіцыйнай прасторы злучыліся і строгая дакументальнасць, і крэатыўныя пошукі хараства скарацечнага моманту. Нейкая меланхалічнасць поглядаў фатографаў на навагоднюю мітусню суседнічае з добрай іроніяй і бязмежнай пазітыўнасцю чакання надыходу чарговага каляндарнага года", - расказаў Уладзімір Парфянок.

У праекце "Калядныя паштоўкі з калекцыі Дзмітрыя Сярэбранікава" будзе прадэманстравана больш як стогадовая традыцыя віншавання родных і блізкіх з дапамогай паштоўкі. На выставе можна будзе ўбачыць рэдкія ўзоры калядных паштовак пачатку ХХ стагоддзя.

Навагоднія фотавыставы будуць працаваць з 14 снежня 2018 года па 19 студзеня 2019 года.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі