3 верасня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. III свята дружбы "Італія - Беларусь" 9 верасня пройдзе ў Мінску ў Верхнім горадзе, паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Італіі ў Беларусі.
Арганізатары свята - італьянская дыпмісія пры супрацоўніцтве з ENIT (Нацыянальным агенцтвам па турызме Італіі) і Мінскім гарвыканкамам. Гасцей чакае насычаная забаўляльная праграма. На пляцоўках Верхняга горада пройдуць мерапрыемствы для дарослых і дзяцей, якія змогуць паўдзельнічаць у забаўляльных праграмах, слухаючы добрую музыку, а таксама спрабуючы нацыянальныя італьянскія стравы.
У гэты дзень з 11.30 да 22.00 на галоўнай сцэне Верхняга горада выступяць італьянскія і беларускія артысты: фальклорны калектыў "Тамбурыністы з Отранта", заслужаны аматарскі калектыў Беларусі "Дударыкі", салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Аляксандр Міхнюк і Ірына Кучынская, юны таленавіты выканаўца і хэдлайнер свята Рафаэле Пападзія. Выступіць таксама вядомы італьянскі піяніст і выканаўца Мэцью Лі.
На сцэне можна будзе ўбачыць перформанс у стылі sand art мастачкі пясочнай анімацыі Вольгі Радзецкай, тэатр лялек Carro dei Comici, модныя паказы вядомых італьянскіх брэндаў, шоу цырульніка-стыліста Антоніа Бокадама сумесна са школай іміджу "Image Pro", а таксама выступленні танцавальных калектываў "Глорыя" і Беларускай харэаграфічнай гімназіі-каледжа.
Праграму дапоўняць выступленні, якія пройдуць не толькі на сцэне, але таксама на плошчы, у павільёнах - артыстаў на хадулях, паказ-пераможца Фестывалю вулічных тэатраў-2016 "Катастрофа-шоу", піца-шоу з Неапаля. Футбольнай школай "Інтэр" будзе арганізавана гульнявая зона, можна таксама паўдзельнічаць у гульні ў бочэ (італьянская гульня ў шары). Акрамя таго, госці змогуць паглядзець фільм "Італа" Алесіі Скарсо з Марка Бочы ў галоўнай ролі, які будзе дэманстравацца ў дворыку атэля "Манастырскі".
На фуд-корце размесцяцца знакамітыя італьянскія рэстараны, вытворцы прадуктаў харчавання. Наведвальнікі змогуць пакаштаваць аўтэнтычныя стравы італьянскіх рэгіёнаў, прадэгуставаць піцу і марожанае, а таксама атрымаць асалоду ад цудоўнай італьянскай кавы.
Акрамя музычнай і тэатральнай праграмы гасцей свята чакаюць выстаўка фатаграфій, падрыхтаваная Нацыянальным агенцтвам па турызме Італіі, выставачныя стэнды моўных школ, дзе выкладаецца італьянская мова, мерапрыемствы Дома італьянскай мовы і культуры "Дантэ".