У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

13 Сак 2017

Строй лелікаўскай свацці з-пад Кобрына можа папоўніць спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей

Строй лелікаўскай свацці з-пад Кобрына можа папоўніць спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей13 сакавіка, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. Строй лелікаўскай свацці з Кобрынскага раёна прэтэндуе на ўключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама.

Старадаўні жаночы строй быў распаўсюджаны ў вёсках Лелікава і Павіцце Кобрынскага, а таксама Радастава Драгічынскага раёнаў. Традыцыі яго стварэння захаваліся да нашых дзён. Строй свацці апранаўся толькі ў час вяселляў. Характэрнай асаблівасцю гэтага ўбору з'яўляюцца арнаментальныя элементы ў выглядзе вачэй, якія нашываліся на сарочку, спадніцу і фартух свацці. Акрамя таго, строй дапаўняе незвычайны галаўны ўбор - какошнік, упрыгожаны рознакаляровымі пеўневымі пёрамі.

"Свацця адыгрывала асаблівую ролю на вяселлі. Яна кіравала ўсім працэсам, павінна была добра ведаць вясельны абрад і ўсё бачыць - адсюль "вочы" на касцюме, - расказала загадчыца аўтаклуба Кобрынскай раённай клубнай сістэмы Вольга П'янцава. - Сваццяў на вяселлі павінна было быць не менш за пяць-сем. А самыя багатыя жаніхі запрашалі да 15 сваццяў. Яны ведалі мноства песень, прыпевак, частушак і ўцягвалі ў вясельны водаварот усіх гасцей".

Строй лелікаўскай свацці з-пад Кобрына можа папоўніць спіс гісторыка-культурных каштоўнасцейУ свой час у вёсках Лелікава і Павіцце ўбор свацці быў практычна ў кожнай жанчыны. У прыватных калекцыях захаваліся арыгінальныя камплекты гэтага адзення. У апошнія гады традыцыю выкарыстання строю свацці сталі адраджаць на сучасных вяселлях. Пры гэтым варыянты аўтэнтычнага ўбору яго носьбіты шыюць самі з фабрычнай тканіны.

"Мы ўжо некалькі гадоў працуем над гэтай тэмай. Кансультацыйную і метадычную дапамогу ў падрыхтоўцы адпаведных дакументаў нам аказалі ў аддзеле метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны інстытута культуры Беларусі. Створаны дакументальны фільм, сабраны дадатковыя матэрыялы, ёсць калектыўнае пісьмо ад жыхароў вёскі Лелікава за наданне строю свацці статусу помніка матэрыяльнай і духоўнай спадчыны нацыі. Цяпер ідзе збор подпісаў у вёсцы Павіцце", - паведаміла Вольга П'янцава.

У бягучым годзе матэрыялы з хадайніцтвам аб уключэнні ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі строю лелікаўскай свацці плануецца накіраваць на разгляд Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс