Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

9 Жнв 2017

Старажытны чарцёж XII стагоддзя знайшлі ў Полацкім Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры

9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Полацку пры археолага-рэстаўрацыйных работах на тэрыторыі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра знойдзены фрагмент будаўнічага чарцяжа, прыкладна, рубяжа XI-XII стагоддзяў. Такая інфармацыя размешчана на праваслаўным інфармацыйным партале "СОБОР.by", паведамляе БЕЛТА.

Вучоныя называюць знаходку сенсацыяй. "Чарцяжоў XII стагоддзя ніколі яшчэ ніхто не бачыў, - сказаў старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага Эрмітажа Яўген Торшын. - Самыя раннія з вядомых на сённяшні дзень сярэдневяковых чарцяжоў адносяцца да канца XIII стагоддзя, нават візантыйскіх чарцяжоў не захавалася, ёсць толькі іх апісанні".

Паводле слоў вядучага навуковага супрацоўніка навукова-рэстаўрацыйнага аддзела Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Аляксандра Салаўёва, лічылася, што чарцяжы з'явіліся на тэрыторыі Беларусі толькі ў XVI стагоддзі, а знойдзены чарцёж абвяргае гэту інфармацыю.

Знаходка выяўлена на месцы раскопак старажытнага храма-пахавальні. На плінфе канца XI - пачатку XII стагоддзя, якая была часткай старажытнай пабудовы, адлюстраваны фрагмент чарцяжа, як мяркуецца, самога храма-пахавальні. Малюнак мае правільныя прапорцыі памераў будынка, адлюстроўвае таўшчыню сцен і іншыя выразна прарысаваныя дэталі. План выкананы так, быццам гэта чарцёж сучаснага архітэктара. На думку вучоных, выява зроблена высокакваліфікаваным майстрам, які, магчыма, і кіраваў будаўніцтвам храма-пахавальні. Мяркуюць, што плінфа з поўнай выявай плана была не менш за 30 см. Магчыма, чарцёж быў зроблены пісалам (тоненькай палачкай) на сырой гліне, пасля чаго яна была абпалена.

Гэта знаходка адкрывае зусім невядомы бок дзейнасці і творчасці будаўнікоў у канцы XI - пачатку XII стагоддзя, таму што да гэтага часу не захавалася ніводнага чарцяжа XII стагоддзя. Археолагі сумняваліся, ці карысталіся наогул чарцяжамі будаўнікі. Раней знойдзеныя малюнкі мелі схематычны характар, як, напрыклад, пры археалагічных раскопках фундаментаў Дзесяціннай царквы.

Артэфакт знайшла студэнтка 3-га курса гісторыка-філалагічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта ў час археалагічнай практыкі пад кіраўніцтвам магістра гістарычных навук, выкладчыка кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксея Коца.

Участак манастыра, на якім выяўлены артэфакт, быў шматразова даследаваны археалагічнымі экспедыцыямі ў 50-я-60-я гады XX стагоддзя. Брыгады капалі на гэтым месцы, але знайшлі чарцёж толькі цяпер.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі