Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

11 Jan 2023

Старадаўнім абрадам "Конікі" адзначаць стары Новы год у Давыд-Гарадку

Старадаўнім абрадам
У час абраду. Фота з архіва

11 студзеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Давыд-Гарадку Столінскага раёна 13 студзеня правядуць рэгіянальнае свята зімовых абрадаў "Конікі", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Столінскага райвыканкама.

Гэты старадаўні абрад па праву лічыцца візітнай карткай Давыд-Гарадка, які знаходзіцца ў глыбінцы Палесся. Да "Конікаў" мясцовыя жыхары пачынаюць рыхтавацца загадзя, шукаюць або майструюць арыгінальныя маскі і касцюмы. На вуліцах горада 13 студзеня можна сустрэць пераапранутых "дзеда", "бабу", "цыганку", "мядзведзя" і іншых спрадвечных і сучасных персанажаў.

Цэнтральная фігура абраду - конь з вершнікам. Існуюць розныя думкі пра з'яўленне гэтага касцюма. Большасць схіляецца, што яго прыдумалі ў гады Першай сусветнай вайны. Гараджане ж усёй душой прыкіпелі да коніка. Выглядаць ён можа па-рознаму. Як правіла, яго тулава хаваюць пад белай тканінай, ззаду прымацоўваюць хвост. Замест галавы выкарыстоўваюць валёнак. У цэнтры застаецца месца для вершніка. Дарэчы, насіць такую канструкцыю ўвесь вечар вельмі няпроста.

"Сваякі, суседзі, сябры збіраюцца разам, рыхтуюць касцюмы, вучаць калядныя песні, а 13 студзеня шчадруюць. Кульмінацыя свята праходзіць у цэнтры Давыд-Гарадка. Там збіраюцца ўсе групы "Конікаў", каб прэзентаваць сябе. Удзельнічаюць кампаніі мясцовых жыхароў, прадстаўнікі розных прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў адукацыі, творчыя калектывы", - расказалі ў аддзеле культуры.

На цэнтральнай плошчы горада будуць працаваць гандлёвыя рады, атракцыёны, для дзяцей арганізуюць гульнявую праграму. Публіку будуць забаўляць творчыя калектывы. Самае ж цікавае пачнецца ў 21.00. Да гэтага часу з усіх куткоў Давыд-Гарадка на парад збяруцца "Конікі". Завершыцца свята дыскатэкай.

"Конікі" для Давыд-Гарадка - вялікае свята. Людзі збіраюцца сем'ямі, госці прыязджаюць з іншых рэгіёнаў, - звярнулі ўвагу ў аддзеле культуры. - Дакладна невядома, як даўно праводзіцца гэты абрад, але яму сапраўды больш за сто гадоў. Гарадчукі не забываюць сваю традыцыю і стараюцца яе захоўваць".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі