Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

8 Врс 2016

"Сожскі карагод": спецэфекты як на Алімпіядзе і 3 тыс. танцораў на сцэне

8 верасня, Гомель /Юлія Лысенка - БЕЛТА/. VIII Міжнародны харэаграфічны фестываль "Сожскі карагод" пройдзе ў Гомелі 16-18 верасня. Крыху больш як за тыдзень да яго правядзення галоўны рэжысёр мерапрыемства Пётр Свярдлоў падзяліўся з карэспандэнтам БЕЛТА галоўнымі "фішкамі" фестывалю, чым і як будуць уражваць яго гасцей.

Вядома, што танцавальны фестываль 2016 года стане самым маштабным за ўсю гісторыю яго правядзення. У Гомель прыедуць артысты з больш як 20 краін. Упершыню - танцовы з Ганы, Нігерыі, Кот-д' Івуара, Шры-Ланкі, Індыі. "Улічваючы такую геаграфічную разнастайнасць, у конкурсную праграму дабаўлена новая намінацыя - фальклорна-бытавы танец, якая дапаможа больш поўна раскрыць таленты ўдзельнікаў", - растлумачыў Пётр Свярдлоў. Такім чынам, пераможцаў будуць вызначаць у чатырох намінацыях: "Народна-сцэнічны танец", "Эстрадны танец", "Сучасная харэаграфія" і "Фальклорна-бытавы танец".

Конкурсныя праграмы пройдуць у два дні - 16 і 17 верасня. Галоўная відовішчная падзея - урачыстае адкрыццё фестывалю - адбудзецца 16 верасня ў 20.00 на стадыёне Цэнтральны. Чакаецца, што яго наведаюць не менш як 7 тыс. гледачоў. Дзеянне гэтай харэаграфічнай феерыі будзе нагадваць танцавальнае "палатно", сплеценае з "нітак" белага, жоўтага, чырвонага, блакітнага і зялёнага колераў.

"У канцэрце-адкрыцці прымуць удзел абсалютна ўсе канкурсанты, таксама для масоўскі задзейнічаем студэнтаў гомельскіх ВНУ. У агульнай колькасці гэта недзе амаль 3 тыс. чалавек. Самыя маштабныя нумары прадугледжваюць адначасовую прысутнасць на сцэне да 900 танцораў", - расказаў Пётр Свярдлоў. Паводле яго слоў, асаблівай экзотыкай і аўтэнтычнасцю будуць вылучацца нумары навічкоў фестывалю з Афрыкі і Азіі.

Расказаў субяседнік і аб тым, якія ж спецэфекты, сучасныя светлавыя і колерныя тэхналогіі выкарыстоўваюць для рэалізацыі рэжысёрскай задумы. Пры афармленні сцэны ўпершыню адмовяцца ад штучнай бутафорыі, шарыкаў, банцікаў і да т.п. Яе заменяць святлодыёдныя экраіны. Сцэна, агульная плошча якой складзе 680 кв.м, будзе белага колеру, на яе будуць праецыравацца разнастайныя малюнкі, 3D-галаграмы, якія будуць прадаўжэннем танцавальнай кампазіцыі. "Штосьці падобнае было ў час адкрыцця зімовай Алімпіяды ў Сочы, мы вырашылі пайсці па падобным прынцыпе", - сказаў галоўны рэжысёр і дадаў, што гэта далёка не ўсе сюрпрызы, якія рыхтуюць арганізатары.

Яшчэ адным ноу-хау восьмага фестывалю харэаграфічнага мастацтва Пётр Свярдлоў назваў сістэму вызначэння пераможцаў. Упершыню нараўне з прафесійным журы, у якое ўвойдуць заслужаныя дзеячы мастацтваў з Беларусі, Расіі і Украіны, будзе створана незалежнае альтэрнатыўнае журы з ліку кіраўнікоў танцавальных калектываў. Іх меркаванне таксама будзе ўлічвацца пры падліку галасоў і падвядзенні вынікаў.

Узнагароджванне пераможцаў і ўдзельнікаў, гала-канцэрт, прысвечаны закрыццю "Сожскага карагода", адбудуцца ў Грамадска-культурным цэнтры Гомеля 18 верасня ў 13.30. Ім будзе папярэднічаць круглы стол, дзе плануюць узняць актуальныя пытанні па развіцці харэаграфічнага мастацтва, пачуць пажаданні ўдзельнікаў па правядзенні дзявятага фестывалю.

Традыцыйна ў час харэаграфічнага фестывалю пройдуць міжнародны турнір па спартыўных і бальных танцах на Кубак Гомеля "Залатая рысь", VII Фестываль агню "ГОФФ-2016", а таксама мерапрыемствы, прысвечаныя Дню горада Гомеля.

Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод" упершыню прайшоў у 1997 годзе. Яго заснавальнікамі выступаюць Міністэрства культуры, Гомельскі аблвыканкам і Гомельскі гарвыканкам. Мэта танцавальнага форуму - развіццё харэаграфічнага мастацтва, пашырэнне і ўмацаванне творчых сувязей, узаемадзеянне культур розных краін.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі