26 чэрвеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Да XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" засталося 20 дзён. БЕЛТА прапануе акунуцца ў рэтраспектыву: штодзённа ў архіўных матэрыялах расказваем пра самыя яркія моманты мерапрыемства па гадах. Сёння - пра фестываль 2007 года.
XVI Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" праходзіў з 5 па 14 ліпеня, сабраўшы прадстаўнікоў 32 краін. Упершыню на мерапрыемства прыехалі артысты з Венгрыі, Балівіі і Кубы. На 11 фестывальных пляцоўках прайшло 95 мерапрыемстваў.
Да фестывалю завяршылася мадэрнізацыя Летняга амфітэатра - над глядзельнай залай з'явіўся дах. Ён стаў выратаваннем ад ужо традыцыйных ліпеньскіх ліўняў, якія абрушваліся на горад якраз у час правядзення фестывальных мерапрыемстваў.
Над праектам працавалі вучоныя і архітэктары з Мінска, Наваполацка і Брэста. Будаваць яго пачалі ў 2006 годзе. Мясцовыя газеты сімвалічна называлі збудаванне "парасонам", а работы вяліся з раніцы і да позняга вечара. Завяршылі аб'ект за рэкордныя дзевяць месяцаў. Напаўпразрысты дах з полікарбанату (на той момант унікальны для Беларусі матэрыял вырабілі ў Швейцарыі) паклалі на металічнае ажурнае перакрыцце з 18 тыс. стрыжняў, надзейна злучаных паміж сабой. Вышыня яго склала 25 м, а даўжыня - 120 м. Падобныя перакрыцці былі ўстаноўлены на стадыёне ў Пекіне.



Таксама дзякуючы мадэрнізацыі Летняга амфітэатра ўмяшчальнасць залы ўзрасла да больш як 6,2 тыс. месцаў (раней 5,4 тыс.). Абнавілася таксама сцэна - устанавілі два святлодыёдныя экраны.
У будынку амфітэатра ў 2007 годзе адкрылася новае арт-кафэ "Маэстра". У меню, як пісала прэса, значыліся стэйкі з блакітнай акулы і жабіны лапкі.
Сярод ключавых мерапрыемстваў 16-га фестывалю былі канцэрт-прэзентацыя "Прывітанне, фестываль" (яго ўдзельнікі першымі апрабавалі акустыку абноўленай сцэны Летняга амфітэатра), гала-канцэрт адкрыцця і закрыцця, а таксама Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск" і Міжнародны дзіцячы музычны конкурс "Віцебск". Урачыстае адкрыццё "Славянскага базару" прайшло 6 ліпеня. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў спецыяльную ўзнагароду "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". Сваёй творчасцю дзялілася з гледачамі французская спявачка Патрысія Каас, а таксама айчынныя зоркі эстрады - Анатоль Ярмоленка, Пётр Ялфімаў і іншыя.
Гала-канцэрт мастроў мастацтваў Беларусі прайшоў пад знакам 125-годдзя вялікіх песняроў беларускай літаратуры - Якуба Коласа і Янкі Купалы.



У конкурсе маладых выканаўцаў і дзіцячым музычным конкурсе прымалі ўдзел па 22 артысты з 19 краін. Гран-пры творчага спаборніцтва дарослых павезла ўкраінская артыстка, а сярод пачынаючых зорачак перамог беларус Андрэй Кунец.
У рамках фестывалю адбылося абласное свята ганчарнага мастацтва. Яго арганізатары прывезлі з Бабруйска паўтоны гліны і правялі для гараджан незабыўны майстар-клас па лепцы з прыроднага матэрыялу. Расійская артыстка Надзея Бабкіна купіла некалькі гліняных гаршочкаў на памяць аб фестывалі.
Асноўныя мерапрыемствы XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдуць з 16 па 19 ліпеня, а першыя канцэрты адбудуцца ўжо 14 ліпеня.