Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

25 Снж 2025

Шэдэўры беларускай графікі: у Мінску адкрылася выстава работ легендарнага майстра-друкара

Шэдэўры беларускай графікі: у Мінску адкрылася выстава работ легендарнага майстра-друкара
Фота з архiва

25 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выставу "Дзмітрый Малаткоў. Майстар, калекцыянер, дарыльшчык" прадставілі ў Нацыянальным мастацкім музеі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказала куратар выставы, навуковы супрацоўнік фондавага аддзела музея Святлана Ржавуцкая.

У экспазіцыі прадстаўлены работы лепшых беларускіх графікаў другой паловы XX стагоддзя: афорты, літаграфіі і лінагравюры. Гэты праект - даніна памяці чалавеку, які прысвяціў сваё жыццё мастацтву, гісторыя яго шчырай любові да людзей і сваёй справы.

Святлана Ржавуцкая падкрэсліла, што Дзмітрый Малаткоў - унікальны спецыяліст, які пакінуў вялікую і бясцэнную спадчыну. У розных калекцыях музея беражліва захоўваецца каля 4 тыс. гравюр і літаграфій, надрукаваных рукамі майстра для мастакоў з Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы, Германіі і іншых краін.

"Выстава беларуская. Ёсць частка работ, прысвечаных нашым знакамітым паэтам і пісьменнікам: Янка Купала, Якуб Колас, Францыск Скарына. Вельмі сімвалічна, што Скарына перавёў рукапісную кнігу ў друкаваную, а Дзмітрый Малаткоў перакладаў у друк, графіку матэрыялы мастакоў. І той, і другі займаліся ўнікальнай справай, і таму, і другому патрэбны былі спецыяльныя прыстасаванні і формы, каб ажыццявіць задуманае", - адзначыла навуковы супрацоўнік музея.

Паводле яе слоў, тут можна ўбачыць жамчужыны беларускай графікі, творы народных мастакоў, такіх як Георгій Паплаўскі, Арлен Кашкурэвіч, Аляксандра Паслядовіч. Гэтыя работы паказваюць вяршыні таго, што беларусы дасягнулі ў графіцы за апошнія паўстагоддзя.

"Да Вялікай Айчыннай вайны беларускі жывапіс быў невялікі, не было вялізных, манументальных палотнаў. Але калі пасля вайны мастакі пачалі атрымліваць вышэйшую адукацыю, а выставачная прастора дазваляла рабіць вялікія творы, то і графіка стала маштабнай і ўзнялася да сусветнага ўзроўню. Нашы работы можна было выстаўляць не толькі ў рэспубліцы, але і наогул па ўсім свеце", - растлумачыла Святлана Ржавуцкая.

Яна падзялілася ўспамінамі пра майстра і падкрэсліла, што працаваў ён амаль да самай смерці, а яго работы выйгравалі многія прэстыжныя міжнародныя конкурсы. "Мастацкі друк - рэдкая прафесія. Такіх майстроў звычайна ўсяго некалькі на ўсю краіну, але даволі складана тлумачыць асаблівасці іх работы тым, хто прыходзіць на экскурсію. Можна параўнаць іх з майстрамі-друкарамі ў глянцы. У іх вельмі пільныя вочы. Яны робяць так, каб колер пры друку ні кроплі не сказіўся, бо ў модных часопісах важна рэалістычна паказаць адзенне і ўпрыгажэнні. Майстар мастацкага друку таксама павінен валодаць тонкім густам да колеру і кампазіцыі. Калі ты працуеш на паперы, то ўсім кіруеш, але пры рабоце з літаграфіяй (метад плоскага друку, дзе выява пераносіцца з каменя на паперу або іншую паверхню. - Заўвага БЕЛТА) шмат што залежыць не ад мастака, а ад друкара. Менавіта ён ведае, якія рэчывы трэба дабавіць, каб падабраць для карціны правільныя колеры", - растлумачыла навуковы супрацоўнік музея.

На яе думку, у Дзмітрыя Малаткова за амаль 60 гадоў работы захавалася мноства сакрэтаў. Ён ствараў уласныя тушы. Матэрыялы, якія ён варыў, былі на ўзроўні французскай вытворчасці. Ён шмат зрабіў для тыражнай, або друкаванай графікі і пакінуў вялікую спадчыну.

Азнаёміцца ​​з унікальнай экспазіцыяй можна да 11 студзеня.

 

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі