18 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска Аляксандра Сасновіч і расіянка Каміла Рахімава выйшлі ў чвэрцьфінальную стадыю парнага разраду турніру WTA-250 у кітайскім горадзе Наньчан з прызавым фондам $259,3 тыс., паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння беларуска-расійскі тандэм абыграў прадстаўніцу Грузіі Аксану Калашнікаву і японку Наа Хібіна - 6:3, 6:2. У матчы за выхад у паўфінал Сасновіч і Рахімава сустрэнуцца з чэшска-кітайскай парай Тэрэза Міхалікава / Сюй Іфань. У першым раўндзе адзіночнага разраду Аляксандра Сасновіч (90-ы нумар сусветнага рэйтынгу) перамагла славацкую тэнісістку Вікторыю Грунчакаву (113) - 6:1, 6:3, а ў 1/8 фіналу згуляе з расіянкай Валерыяй Савіных (146).
У другім крузе турніру ў туніскім горадзе Манастыр беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч (176) будзе сапернічаць з бельгійкай Элізэ Мертэнс (36). У 1/16 фіналу беларуска перайграла бразільянку Лаўру Пігосі (120) - 6:3, 6:2. У першым матчы парнага разраду Шымановіч і расіянка Алёна Фаміна-Клоц сустрэнуцца з італьянскім дуэтам Сара Эрані / Ясмін Пааліні.
У 1/8 фіналу мужчынскага турніру ў кітайскім Шэньчжэні з прызавым фондам $80 тыс. сапернікам беларуса Ягора Герасімава (397) будзе прадстаўнік Ганконга Цун-Хаа Хуань (625). У першым раўндзе Герасімаў абыграў казахстанскага тэнісіста Дзяніса Яўсеева (240) - 6:2, 6:2.