Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

29 Врс 2022

Прысвечаную жонцы Якуба Коласа кнігу прэзентуюць у Мінску

Прысвечаную жонцы Якуба Коласа кнігу прэзентуюць у Мінску
Фота з архiва

29 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кнігу "Табой я жыў, табой жыву…" Пра жонку Якуба Коласа", прысвечаную жонцы класіка Мырыі Каменскай, прэзентуюць у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа 29 верасня. Аб гэтым паведаміла на рэспубліканскай навуковай канферэнцыі "Вялікі пясняр беларускага народа Якуб Колас - адзін са стваральнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы" у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН унучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У год 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа мы як наследнікі ўдзельнічалі ў многіх праектах. Маей дачкой Васілінай былі падрыхтаваны значныя выставы, напрыклад, "Якуб Колас - дэпутат", якая была прэзентавана ў час адкрыцця дзявятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання. І самая вялікая падзея - гэта выданне кнігі, прысвечанай жонцы Якуба Коласа Марыі Дзмітрыеўне Каменскай. Прэзентацыя пройдзе сёння ў нашым літаратурна-мемарыяльным музеі", - расказала Марыя Міцкевіч.

Выданне змяшчае ўспаміны блізкіх, сваякоў, фрагменты перапіскі, дакументы і прысвячэнні, а таксама ўнікальныя фотаматэрыялы. "Сапраўды, было напісана шмат твораў пра Коласа, праведзена шмат даследаванняў. А лёс жонкі заставаўся нібыта без увагі", - адзначыла ўнучка Якуба Коласа.

У кнізе "Табой я жыў, табой жыву…" Пра жонку Якуба Коласа" арганічна спалучаюцца дакументальныя сведчанні і арыгінальныя творы, што забяспечвае і пэўную аб'ектывізацыю, і ўяўленні часу і чалавечых адносін, і жывое ўспрыманне даўніх эмоцый, клопатаў, асобасных сувязей. "Тыдзень таму я прэзентавала гэту кнігу ў Вільнюсе, таму што жыццё Марыі Дзмітрыеўны было звязана з Вільняй, там быў яе дом", - дадала Марыя Міцкевіч.

Складальніцы кнігі - унучка Якуба Коласа, даследчыца творчасці пісьменніка Вера Міцкевіч і галоўны хавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа праўнучка класіка Васіліна Міцкевіч - прапанавалі свае падыходы да асэнсавання ролі ў жыцці і творчасці Якуба Коласа яго нязменнай спадарожніцы Марыі Дзмітрыеўны.

Прэзентацыя кнігі "Табой я жыў, табой жыву…" Пра жонку Якуба Коласа", выпушчанай выдавецкім домам "Звязда", пачнецца ў 16.00 у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.

"Гэты год для нас - гэта не толькі 140-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа, якое шырока адзначаецца. Ёсць яшчэ вельмі цікавыя даты: 110-годдзе з дня знаёмства Якуба Коласа і Янкі Купалы (прайшло свята ў Смольні), а таксама 100-годдзе з дня выхаду другой кнігі вершаў класіка "Водгулле". Адзначу, што ў музеі Якуба Коласа прэзентавалі факсімільнае выданне гэтага зборніка, гэта вельмі знакавая падзея", - падкрэсліла ўнучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч.

Яна дадала, што ў Год гістарычнай памяці таксама значнай падзеяй стала адкрыццё мемарыяльнай таблічкі на Ваенных могілках у гонар сярэдняга сына Якуба Коласа Юрыя, які загінуў у час вайны. "І цяпер можна сказаць, што ўся сям'я Колас - Марыя Дзмітрыеўна і тры сыны: Данііл, Міхаіл і Юрка - разам на Ваенных могілках. Колас будзе жыць у нашых сэрцах і нашых даследаваннях, таму што мы беларусы. Чыю памяць нам шанаваць, калі не сваіх такіх вялікіх людзей, як Якуб Колас, Янка Купала і многіх іншых?" - рэзюмавала Марыя Міцкевіч.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі