4 верасня, Касцюковічы /Кар. БЕЛТА/. Якія традыцыі захоўвае Дзень беларускага пісьменства, журналістам расказаў намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Дзень беларускага пісьменства - гэта свята, якое пранізана традыцыямі, і асноўная задача іх захаваць. Адна з такіх традыцый - адкрываць свята навукова-асветнай экспедыцыяй "Дарога да святынь". 2 верасня мы адпраўлялі яе са Свята-Духаўскага кафедральнага сабора ў Мінску", - паведаміў намеснік міністра.
Сёння ў сталіцы і ў Касцюковічах праходзяць міжнародныя круглыя сталы, якія аб'ядноўваюць пісьменнікаў з Расіі, Кітая, Азербайджана, Узбекістана. А ў райцэнтры - навуковыя чытанні па лініі Акадэміі навук. На працягу года нашы вучоныя падымалі розныя матэрыялы з архіваў. На свяце будуць прэзентаваны зборнікі гэтых прац і архіўных запісаў, якія стануць добрай падмогай перш за ўсё для аматараў гісторыі і музейных работнікаў.
Прадаўжаецца і цудоўная традыцыя перадачы пісьменніцкай супольнасцю кніг у раённыя бібліятэкі пры падтрымцы спонсараў і мецэнатаў. Саюз пісьменнікаў Беларусі на мінулым тыдні перадаў больш за тысячу кніг у бібліятэку Касцюковіч.
Па традыцыі сёлета будзе адкрыты арт-аб'ект, на гэты раз - паводле твораў Аркадзя Куляшова.
"На цэнтральнай сцэне пройдзе традыцыйнае ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Мы заўтра даведаемся сем імёнаў, чые творы пра нашу Радзіму, людзей, каханне выклікалі рэзананс у 2025-2026 гадах. Асабліва важны момант - дэбют маладых пісьменнікаў. Мы выбралі тых, хто варты вывучэння на ўроках беларускай літаратуры", - дадаў Дзяніс Язерскі.
З мінулага года Міністэрства інфармацыі ўзяло абавязацельства выпускаць кнігі лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, выйшла ўжо больш за дзевятнаццаць выданняў.
Самая галоўная традыцыя свята, на думку намесніка міністра, штогадовая змена яго сталіцы. Мясцовыя ўлады і насельніцтва заўсёды адказна адносяцца да падрыхтоўкі і праводзяць вялікую работу, і Касцюковічы не сталі выключэннем.
"Свята пераедзе, а адчуванне парадку, чысціні і добраўпарадкаванасці застанецца. Гэта асноўная філасофія свята, і трэба падтрымліваць яе з году ў год", - сказаў на заканчэнне Дзяніс Язерскі.
