Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

16 Чэр 2021

Прэм'ера ваенна-гістарычнай драмы "Сведкі" адбудзецца 22 чэрвеня

Прэм'ера ваенна-гістарычнай драмы
Фота з архiва

16 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканская прэм'ера кінаальманаха "Сведкі" адбудзецца 22 чэрвеня ў беларускіх кінатэатрах. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм".

Ваенна-гістарычная драма "Сведкі" складаецца з трох навел - "Туфлікі", "Брут" і "Скрыпка", аб'яднаных агульнай канцэпцыяй. Фільм прысвечаны падзеям Другой сусветнай вайны і памяці ахвяр халакосту. "Сярэдзіна ХХ стагоддзя, Усходняя Еўропа. Фільм расказвае гісторыю халакосту вачамі выпадковых нямых сведак тых падзей. Праз гісторыю жаночага абутку, што пачынаецца ў вітрыне магазіна і заканчваецца ў вітрыне мемарыяльнага комплексу Асвенціма. Праз гісторыю шчаняці нямецкай аўчаркі, які стаў канцлагерным зверам-забойцам у працэсе дрэсуры і маніпуляцый. Праз гісторыю скрыпкі, якая разам са сваімі ўладальнікамі праходзіць праз усе жахі вайны", - расказалі ў прэс-службе.

Першая навела кінаальманаха "Туфлікі" была ўключана ў калекцыю фільмаў мемарыяла Яд Вашэм (Ізраіль) нараўне з карцінамі пра халакост Спілберга, Паланскі і Беніньі. Фільм станавіўся лаўрэатам больш як 30 міжнародных кінафорумаў. Упершыню ў гісторыі беларускага кіно ў 2013 годзе "Туфлікі" вылучаліся на саісканне прэміі "Оскар". У аснову сюжэта другой навелы трылогіі "Брут" пакладзены аповед чэшскага пісьменніка Людвіка Ашкеназі. Трэцяя гісторыя "Скрыпка" знята паводле апавядання Ёсі Тавора.

Паводле слоў супрадзюсара фільма Юрыя Ігрушы, увесь кінаальманах "Сведкі" з кожнай навелай паасобку здымаўся на працягу пяці гадоў. Рэжысёрам і сцэнарыстам карціны выступіў Канстанцін Фам. "Паколькі гэты фільм завершаны і выходзіць на вялікія экраны, было вырашана прымеркаваць прэм'еру да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Дзеянне карціны адбываецца ў асноўным у ваенныя гады, і ў стужцы адлюстравана шмат падзей, якія датычацца ў тым ліку і Беларусі, - расказаў Юрый Ігруша. - Гэта тэма заўсёды актуальная і запатрабаваная. Беларусь прысвячае ёй шмат фільмаў, і аб гэтым сведчыць гісторыя беларускага кіно. Мы жывём у няпросты час, і вельмі важна нагадваць людзям, што бывае, калі пачынаюцца войны".

"Сведкі" - фільм Беларусі, Ізраіля, Польшчы, Расіі, Францыі і Чэхіі. Вытворчасцю займаліся кінастудыя "Беларусьфільм", карпарацыя "Руская Фільм Група" і кінакампанія Ark Pictures. Здымкі праекта вяліся на тэрыторыі Беларусі, Расіі, Чэхіі, Польшчы, Францыі, ЗША, Ізраіля, Румыніі і Украіны.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі