Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

30 Ліп 2021

Пяць мастацкіх выстаў адкрыліся ў Палацы мастацтваў

Пяць мастацкіх выстаў адкрыліся ў Палацы мастацтваў
Фота Беларускага сабза мастакоў

29 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пяць мастацкіх выстаў адкрыліся 29 ліпеня ў Палацы мастацтваў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Наведвальнікам прадставілі некалькі новых праектаў Беларускага саюза мастакоў - выставы "35 гадоў пад знакам "Ч", "Пласт-21", "Чатыры чвэрці. Расліны", "Вежы. Kasia & Basia" і "Аляксандр Лышчык. Скульптура". "У гэтых праектах няма агульнай канцэпцыі, мы проста хацелі паказаць розныя напрамкі, тэмы ў мастацтве, якія цяпер вельмі актуальны", - адзначыла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў мастацтвазнавец Наталля Шаранговіч.

"Калі адбываецца такі "выбух" нейкіх цікавых мастацкіх форм - гэта заўсёды выклікае вялікую цікавасць. Мы ў любым выпадку павінны прыцягваць людзей. І вось камусьці падабаецца кераміка, а камусьці жывапіс. А калі мы перамешваем у адной прасторы розныя віды мастацтва, то чалавек нехаця наведвае і глядзіць усё. Гэта пэўны момант адукацыі і самаадукацыі для гледача", - упэўнены мастацтвазнавец.

У экспазіцыі "35 гадоў пад знакам "Ч" прадстаўлена больш за 70 работ жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва мастакоў з розных рэгіёнаў краіны, прысвечаных тэме экалагічных катастроф і іх наступстваў. "Тэма Чарнобыля ў любым выпадку актуальна, нават калі не ўлічваць той факт, што ў гэтым годзе гадавіна з дня аварыі. Выказванне на гэту тэму для нас заўсёды будзе балючым і тут важна прадастаўляць слова не толькі старэйшаму пакаленню мастакоў, але і моладзі. Час ідзе, становіцца ўсё менш і менш людзей, якія былі сведкамі тых падзей. Больш прыходзіць моладзі, якая на зусім іншым узроўні гэта бачыць. І тое, што моладзь цікавіцца гэтай тэмай, сведчыць аб тым, што ўсё ж такі да гэтага часу баліць і гэта тэма важная. Акрамя таго, сёння яна пачынае перарастаць рамкі проста Чарнобыльскай аварыі і становіцца тэмай экалагічнай катастрофы ў цэлым", - расказала Наталля Шаранговіч.

У экспазіцыі наведвальнікі змогуць азнаёміцца з работамі многіх ужо вядомых у Беларусі аўтараў. З творамі народных мастакоў Беларусі Гаўрыіла Вашчанкі і Уладзіміра Тоўсціка, заслужаных дзеячаў мастацтваў Валерыя Шкарубы, Уладзіміра Слабодчыкава, Віктара Барабанцава, Уладзіміра Уродніча, Уладзіміра Кожуха, Роберта Ландарскага. Прадстаўлены таксама жывапіс Уладзіміра Гардзіенкі, Віктара Шматава, Віктара Ціханава, Генадзя Козела, Васіля Касцючэнкі, Леаніда Гоманава, Глеба Отчыка, Анатоля Отчыка, графіка Юрыя Хілько, Уладзіміра Васюка, Канстанціна Вашчанкі, скульптура Уладзіміра Слабодчыкава, Аляксандра Слепава, габелены Людмілы Пятруль, Ніны Пілюзінай, Святланы Баранкоўскай, Таццяны Козік.

"Таксама мы адкрываем дзве выставы керамікі - "Пласт-21" і "Чатыры чвэрці. Расліны" Валерыя і Максіма Калтыгіных. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ва ўсялякіх яго варыяцыях вельмі развіта ў Беларусі, таму гэтыя экспазіцыі будуць цікавы многім наведвальнікам. У нас вельмі любяць габелены, распісаныя тканіны і, вядома, кераміку. Паколькі кераміка - гэта тое, з чаго пачыналася, напэўна, наша матэрыяльная культура. Любы чалавек з дзяцінства памятае, што першае, што знаходзілі на ўсякіх раскопках - гэта керамічныя рэчы. Мастацтва керамікі да гэтага часу хвалюе людзей, асабліва нейкія аўтарскія рэчы", - падкрэсліла мастацтвазнавец.

У экспазіцыі прадстаўлена больш за 50 пластоў, створаных ужо вядомымі мастакамі і студэнтамі мастацкіх навучальных устаноў краіны. У адрозненне ад звыклых выстаў дэкаратыўнага мастацтва, калі ў адной экспазіцыі аб'ядноўваюцца розныя формы, жанры, функцыі і матэрыялы, новы праект вылучае толькі адзіны яркі напрамак - пласты з керамікі і шкла. "У нас даволі вялікая секцыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але мы хацелі паказаць толькі пэўны разрэз у кераміцы. І вось на гэтай выставе ўзяты вельмі цікавы аспект гэтага віду мастацтва - паверхня, пласт. У нашым уяўленні - талерка. Толькі гэта не тая ўтылітарная талерка, да якой мы прывыклі, а зробленая творчым метадам. Яна можа быць вертыкальнай або гарызантальнай, зробленая з дапамогай нейкіх фактур, колеру, графікі", - прадоўжыла Наталля Шаранговіч.

"У цэлым мы хацелі паказаць, што любая кераміка - гэта непрадказальная рэч, якая вельмі залежыць ад тэхналогій. Мастак нешта лепіць з гліны, усё гэта абпальвае, а потым кладзе наверх паліва і абавязкова гэта ўсё пад вялікай тэмпературай апрацоўваецца ў печы. Вынік пасля гэтага заўсёды непрадказальны", - дадала мастацтвазнавец.

На выставе "Вежы. Kasia & Basia" будуць прадстаўлены работы вядомых гродзенскіх мастакоў Юрыя Якавенкі, Аляксандра Сільвановіча, Сяргея Грыневіча, Уладзіміра Панцялеева, Валянціны Шобы і Вікторыі Ільіной.

"Былыя воданапорныя вежы "Кася" і "Бася" на вул.Свярдлова - адна з выдатных мясцін Гродна. Гэты архітэктурны помнік ХІХ стагоддзя даўно стаў візітнай карткай гродзенскіх мастакоў. Вось ужо 30 гадоў там на трох паверхах знаходзяцца іх творчыя майстэрні. Але не толькі гэта аб'яднала шасцярых вядомых мастакоў у экспазіцыі адной выставы, але і шматгадовае сяброўства, калі яны пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў прыехалі ў Гродна і стварылі тут асаблівае месца прыцягнення. Сумесныя яркія праекты ў Беларусі і за мяжой нараджаліся таксама тут, у вежах", - расказала Наталля Шаранговіч.

У вялікай зале Палаца мастацтва кожны з прадстаўленых гродзенскіх мастакоў створыць уласную прастору з ярка праяўленым аўтарскім стылем, але пры гэтым аб'яднаную моцнай прафесійнай школай і майстэрствам выканання, агульнай вытанчанай еўрапейскасцю і вобразнасцю. "Маштаб іх работ незалежна ад фарматаў касмічны, як і тэмы, што ўзнімаюць мастакі, дзе ёсць усё: разважанні пра сённяшні дзень, іронія, схаваная за ўдалай метафарай, непрыкрыты нонканфармізм, вытанчаная сюррэалістычнасць успрымання рэчаіснасці і проста захапленне любімым Гроднам", - расказала мастацтвавец.

"А выстава памяці Аляксандра Лышчыка цікава тым, што акрамя работ мастака на ёй прадстаўлены інструменты, якімі працаваў майстар", - адзначыла Наталля Шаранговіч.

Выстава скульптур Аляксандра Лышчыка прадоўжыцца па 11 жніўня, а астатнія чатыры выставы - па 15 жніўня.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі