Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

28 Крс 2016

П'есы-пераможцы конкурсу "Францыск Скарына і сучаснасць" плануецца прадставіць за мяжой

29 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. П'есы-пераможцы конкурсу на стварэнне твораў для драматычнага тэатра "Францыск Скарына і сучаснасць" плануецца прадставіць на замежных сцэнах. Аб гэтым паведаміў журналістам дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (РТБД) Уладзімір Карачэўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Конкурс на стварэнне твораў для драматычнага тэатра "Францыск Скарына і сучаснасць", прысвечаны 525-годдзю з дня нараджэння беларускага першадрукара і 500-годдзю беларускага кнігавыдання, пройдзе з 1 мая па 31 жніўня.

Паводле задумы арганізатараў, а імі з'яўляюцца РТБД, Нацыянальная бібліятэка і Беларусбанк, конкурсныя п'есы будуць апублікаваны ў зборніку. "Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі з'яўляецца метадычным цэнтрам па рабоце з аўтарамі, і мы зацікаўлены, каб лепшыя п'есы маглі быць пастаўлены ў нашых тэатрах, былі перакладзены на іншыя мовы, а ў будучым паказаны ў тых гарадах, дзе некалі працаваў Францыск Скарына. Тым самым праз тэатральнае мастацтва мы прэзентуем краіну за мяжой", - сказаў Уладзімір Карачэўскі.

Ён дадаў, што конкурсныя творы павінны быць прадстаўлены ўпершыню, нідзе не апублікаваны і не пастаўлены раней. Аўтары атрымаюць магчымасць працаваць з неабходнымі матэрыяламі і дакументамі, якія мае Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Асоба Францыска Скарыны павінна быць прадстаўлена ўсебакова як мысліцеля, вучонага, гуманіста-асветніка, чалавека.

У журы будуць запрошаны прадстаўнікі арганізатараў, крытыкі, тэатразнаўцы. Прадугледжваецца, што ўзначаліць журы мастацкі кіраўнік РТБД Аляксандр Гарцуеў.

Конкурс праводзіцца па пяці намінацыях: гістарычная п'еса, сучасная п'еса, п'еса па матывах, інсцэніроўка, сцэнічная ідэя. У кожнай плануецца аб'явіць уладальніку асноўнай і дзвюх заахвочвальных прэмій. Прызавы фонд складае Br260 млн, што стала магчыма дзякуючы галоўнаму партнёру праекта Беларусбанку.

Як адзначыла начальнік прэс-службы Беларусбанка Ларыса Грынько, рэалізацыя ідэі конкурсу для драматургаў вельмі важная. "Скарына для Беларусі - вялікая асоба. Але для многіх прадстаўнікоў сучаснага пакалення гэта нешта далёкае, складанае. Сёння неабходны сучасныя падыходы, каб данесці лёгка, зразумела і разам з тым паказаць маштаб велічы гэтай асобы для нашай культуры. Драматургія - складаны жанр. Можна напісаць эсэ, паэму, а п'есу трэба ўбачыць у вобразах, прадставіць, каб гэта было сучасна і ўспрымальна. Да такіх падзей, як 525-годдзе з дня нараджэння Францыска Скарыны, 500-годдзе беларускага кнігавыдання, трэба рыхтавацца, выхоўваць павагу на генетычным узроўні. Гэта дасць магчымасць не проста захаваць, але і па-новаму паглядзець на асобу, значэнне якой немагчыма пераацаніць для Беларусі", - выказала ўпэўненасць Ларыса Грынько.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі ў сваю чаргу адзначыў, што вучоныя, выдаўцы даўно працуюць па гэтай тэме і ўжо ёсць пэўныя вынікі. Ёсць план з больш як 500 мерапрыемстваў, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігавыдання, якія пройдуць у бібліятэках рэспублікі. Ён дадаў таксама, што НББ займаецца рэалізацыяй праекта па вяртанні спадчыны Францыска Скарыны.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі