Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

2 Крс 2018

Першая замежная выстаўка ў Нацыянальным музеі Амана расказвае пра Беларусь

2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Нацыянальным музеі Амана адкрылася выстаўка "Беларусь на скрыжаванні цывілізацый". Такая інфармацыя размешчана на сайце пасольства Беларусі ў Егіпце, паведамляе БЕЛТА.

Экспазіцыю ўрачыста адкрылі міністр культуры Беларусі Юрый Бондар, міністр культуры і спадчыны Амана Хайсам Бен Тарык аль-Саід, пасол Беларусі ў Егіпце і Амане (па сумяшчальніцтве) Сяргей Рачкоў, намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Аляксандр Храмой.

"Беларуская выстаўка з'яўляецца першай замежнай выстаўкай у Нацыянальным музеі Амана з моманту яго адкрыцця ў 2016 годзе, - адзначылі ў пасольстве. - Яна знаёміць з беларускай культурай, у тым ліку дэманструючы прысутнасць ісламу ў беларускім культурным ландшафце на працягу некалькіх стагоддзяў".

Асноўная ідэя экспазіцыі - паказаць гістарычную сувязь Беларусі з ісламскім светам, бесканфліктнае суіснаванне беларусаў з прадстаўнікамі розных мусульманскіх народаў, традыцыйную талерантнасць да ісламу ў Беларусі, што вельмі важна ў сучасную неспакойную эпоху палітычных і сацыяльных канфліктаў ва ўсім свеце. На выстаўцы адлюстраваны элементы культурнай своеасаблівасці, якую набыла Беларусь дзякуючы мірным і ўзаемавыгадным кантактам з ісламскім светам на працягу стагоддзяў.

У калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі ёсць нямала каштоўнасцей, звязаных з узаемаадносінамі краіны з мусульманскімі народамі. Прадметы з фондаў музея на выстаўцы ў Амане расказваюць аб узаемаадносінах беларускіх зямель з краінамі ісламскага усходу ў старажытнасці (дырхамы ў сярэдневяковых беларускіх скарбах, "Пояс Вітаўта" як сімвал сувязі з татарамі), аб ладзе жыцця і прадстаўніках гістарычнай абшчыны беларускіх татар (фатаграфіі, паштоўкі і дакументы канца XIX - пачатку ХХ стст., рукапісная кніга), уплыве ісламскага мастацтва на мастацтва Беларусі (усходнія ювелірныя ўпрыгажэнні, арыгінальны слуцкі пояс), незалежнай Беларусі і сучасным ісламскім свеце.

Ва ўводнай частцы экспазіцыі, якая расказвае пра Беларусь і знаёміць аманскую аўдыторыю з каранямі духоўнай культуры краіны, прадстаўлены традыцыйны народны касцюм з калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея.

Экспазіцыя арганізавана Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры і пасольства Беларусі ў Егіпце. Выстаўка прадоўжыцца да 4 ліпеня.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі