Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

2 Крс 2018

Перапіску сям'і Горкіх і Багдановічаў перадалі філолагам Беларусі

2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Перапіску беларускага этнографа і фалькларыста Адама Багдановіча з сям'ёй рускага пісьменніка Максіма Горкага, чый 150-гадовы юбілей адзначаўся ў сакавіку, літаратуразнаўцы з Інстытута сусветнай літаратуры (ІСЛІ) імя Горкага Расійскай акадэміі навук перадалі сваім беларускім калегам. Дагавор аб перадачы дакументаў з Інстытута сусветнай літаратуры імя Горкага Расійскай акадэміі навук у архіў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча падпісаны ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як паведаміў журналістам дырэктар Інстытута сусветнай літаратуры Вадзім Палонскі, перададзена 314 копій архіўных дакументаў - пісем выдатнага дзеяча навукі і культуры, пісьменніка-мемуарыста, вучонага-этнографа Адама Ягоравіча Багдановіча жонцы (Аляксандры Паўлаўне Волжынай-Багдановіч), яе сястры (Кацярыне Паўлаўне Волжынай-Пешкавай, жонцы Горкага), літаратурнаму сакратару Горкага П.П. Кручкову, самому Максіму Горкаму і пісем адрасатаў у адказ Адаму Багдановічу.

Вадзім Палонскі адзначыў, што дзве літаратурныя сям'і, з якіх выйшлі класікі рускай і беларускай літаратуры, былі пароднены сваяцкімі сувязямі. Бацька Максіма Багдановіча - Адам Ягоравіч Багдановіч быў жанаты з Аляксандрай Паўлаўнай Волжынай, сястрой жонкі Аляксея Максімавіча Пешкава - Горкага. І яго прымалі ў доме Пешкавых, паміж імі ўсталяваліся цёплыя чалавечыя адносіны, якія перараслі ў творчыя сувязі, што працягваліся дзесяцігоддзі.

Сведчанне таго - вялікая перапіска, якая захавалася ў Інстытуце сусветнай літаратуры. Гэта буйнейшы пісьменніцкі архіў ХХ стагоддзя. Доўгі час матэрыялы былі даступны даследчыкам з інстытута, а вучоным з Беларусі доступ быў абмежаваны. У юбілейным годзе было прынята рашэнне аб перадачы беларускаму боку копій пісем.

Літаратурны музей Багдановіча ў сваю чаргу перадаў пакет дакументаў, звязаных з Максімам Горкім, якія захоўваюцца ў Мінску. Гэта чарнавікі ўспамінаў Адама Багдановіча аб Горкім, пісьмы Кацярыны Паўлаўны Пешкавай, жонкі Горкага, Багдановічу, яго перапіска з музеем Горкага. Паводле слоў Вадзіма Палонскага, плануецца выданне кнігі-альбома на аснове гэтых дакументаў, работа па падрыхтоўцы выдання ўжо ідзе.

Праект па перадачы дакументаў рэалізаваны пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

Міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што дзякуючы перададзеным архівам беларускія даследчыкі творчасці Максіма Багдановіча змогуць адкрыць новыя грані ў асобе пісьменніка, а значыць, з'явяцца новыя публікацыі і выданні аб ім. Акрамя таго, ужо сёння заяўлена, што перададзены эпісталярны архіў убачыць свет у выдавецтве "Мастацкая літаратура" ў Маскве.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі