Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

17 Sep 2019

Пераможца нацадбору дзіцячага "Еўрабачання" атрымае трохкілаграмовае стылізаванае сэрца

Пераможца нацадбору дзіцячага
Прадстаўнік Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні"-2018 Даніэль Ястрэмскі. Фота з архіва

17 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пераможца нацыянальнага адбору дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2019" атрымае трохкілаграмовае стылізаванае сэрца, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская.

"Па традыцыі пераможца нацыянальнага адбору атрымае спецыяльную ўзнагароду - стылізаванае сэрца, вырабленае на заказ Белтэлерадыёкампаніі шклозаводам "Нёман". Сэрца важыць каля 3 кг. Яно размешчана на спецыяльнай хрустальнай падстаўцы з лазернай гравіроўкай і складаецца з асобных частак каляровага шкла, якія выдзімаюцца майстрамі завода. Сэрца ствараецца ўручную", - расказала Святлана Смалонская-Краскоўская.

Паводле яе слоў, пераможцу і фіналістаў чакаюць прызы і падарункі ад спонсараў праекта. Гэта дыпломы, салодкія пачастункі з лагатыпам конкурсу і падарункавыя сертыфікаты.

Сёння ў студыі "600 метраў" Белтэлерадыёкампаніі пачаўся мантаж абсталявання і сцэны. 19 верасня тут адбудуцца індывідуальныя рэпетыцыі фіналістаў. Генеральны прагон шоу ў рэжыме прамога эфіру пройдзе ўдзень 20 верасня.

Фінальны гала-канцэрт у прамым эфіры на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24", а таксама ў анлайн-трансляцыі на афіцыйным сайце медыяхолдынга пачнецца 20 верасня ў 22.00. Спаборнічаць у вакальным майстэрстве будуць выключна дзяўчаты: Лізавета Міснікава, Настасся Жабко, Марыя Жыліна, Ксенія Галецкая, група Мonkey Tops, Сафія Храловіч, Сафія Рустамава, група "Зефір", Арына Пехцерава, Марыя Ермакова.

Выступленню кожнага з 10 фіналістаў будуць папярэднічаць відэавізіткі, знятыя творчай камандай "Беларусь 1". У гэтым годзе галоўная тэма візітак звязана з афіцыйным слоганам міжнароднага форуму Share the Joy ("Падзяліся радасцю") і яго лагатыпам - паветраным змеем. Дарэчы, посткарды юных выканаўцаў ужо прадстаўлены ў ранішняй праграме "Добрай раніцы, Беларусь!".

Пераможцу нацыянальнага адбору вызначаць па выніках галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў. Ён прадставіць краіну на дзіцячым "Еўрабачанні-2019" 24 лістапада ў Польшчы.

Беларусь удзельнічае ў конкурсе песні з моманту яго заснавання - з 2003 года. На рахунку краіны дзве перамогі: у 2005-м конкурс выйграла Ксенія Сітнік з песняй "Мы разам", у 2007-м - Аляксей Жыгалковіч з кампазіцыяй "З сябрамі". У мінулым годзе Беларусь ужо другі раз была гаспадыняй дзіцячага "Еўрабачання" і сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў за ўсю гісторыю форуму: на сцэне "Мінск-Арэны" выступілі юныя артысты з 20 краін.

Усе правы, што адносяцца да правядзення адбору, прыналежаць выключна арганізатару - Белтэлерадыёкампаніі як адзінаму ў краіне члену Еўрапейскага вяшчальнага саюза.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі