Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

1 Ліс 2017

Пасля ўвядзення біяметрычных дакументаў у беларусаў можа з'явіцца магчымасць мець два пашпарты

1 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасля ўвядзення біяметрычных дакументаў у беларусаў можа з'явіцца магчымасць мець два пашпарты. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў часова выконваючы абавязкі на пасадзе намесніка начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Павел Хрышчановіч.

Гэты варыянт прапрацаваны ўжо з міжнароднымі арганізацыямі і прапануецца для разгляду дзяржаўным органам. "Ад грамадзян паступалі прапановы павялічыць колькасць старонак да 48 або 64 - цяпер іх 32. Мы прааналізавалі міжнародны вопыт і распрацавалі варыянт, магчыма, больш зручны і практычны - каб грамадзянам Беларусі выдаваліся два поўнасцю ідэнтычныя дзеючыя пашпарты. Інакш кажучы па адным можна паехаць куды-небудзь, а другі пакінуць у пасольстве для чакання выдачы візы", - растлумачыў Павел Хрышчановіч.

Ён таксама падрабязна расказаў пра новыя дакументы - ідэнтыфікацыйную картку і біяметрычны пашпарт, дапрацаваныя ўзоры якіх з'явіліся недзе тыдзень таму. "Картка будзе з двума чыпамі - кантактным і бескантактавым, у іх будуць змешчаны тры дадаткі. Адзін з іх - ідэнтыфікацыйны, а другі - крыптаграфічны - электронны лічбавы подпіс. Яна дасць магчымасць ідэнтыфікаваць сябе на інфармацыйных рэсурсах, якія будуць распрацоўвацца пад картку. Трэці дадатак адпавядае патрабаванням ICAO (Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі). Ён прызначаны, каб у далейшым па гэтай картцы можна было перасякаць дзяржаўную граніцу ў выпадку заключэння адпаведных міжнародных пагадненняў, - адзначыў прадстаўнік МУС. - Таксама ў перспектыве з дапамогай гэтай карткі можна будзе аплачваць паслугі або плаціць падаткі".

ID-картка заменіць некаторыя функцыі сённяшняга пашпарта і будзе адзіным дакументам, што засведчвае асобу. "Новы біяметрычны пашпарт будзе дакументам толькі для выезду за граніцу. На тэрыторыі Беларусі ён юрыдычнай сілы мець не будзе - гэта роля пяройдзе да ідэнтыфікацыйнай карткі, - паведаміў Павел Хрышчановіч. - Таксама новымі біяметрычнымі дакументамі будзе заменена ўся лінейка дакументаў, якія дзейнічаюць у Беларусі. Гэта службовы і дыпламатычны пашпарты, праязны дакумент бежанца і праязны дакумент асобы без грамадзянства. ID-карткі будуць выдавацца, акрамя грамадзян Беларусі, пастаянна пражываючым у краіне іншаземцам і асобам без грамадзянства".

Пашпарт і ID-картка будуць выдавацца ў абавязковым парадку з 14 гадоў. "Але картка можа выдавацца і па жаданні законных прадстаўнікоў непаўналетняга дзіцяці з моманту яго нараджэння. Таксама ў ID-картцы будзе прывязка да рэгістрацыі, у пашпарце ж яна будзе адсутнічаць. Інакш кажучы штампаў аб прапісцы ў пашпартах больш не будзе, у электронным выглядзе такія даныя будуць змешчаны на картцы. І ніякіх адзнак, акрамя віз, у новых пашпартах не прадугледжана", - заявіў Павел Хрышчановіч.

Вытворчасць новых дакументаў будзе арганізавана ў Цэнтры персаналізацыі ў Мінску. "Чалавек, якому трэба атрымаць картку або пашпарт, прыйдзе ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства, дзе трэба будзе прадставіць стары дакумент, квітанцыю аб аплаце (разглядаецца варыянт аплаты праз АРІП) і запоўніць анкетныя даныя. Знікне неабходнасць прыносіць свае фота - усё будзе рабіцца на месцы. У электронным выглядзе інфармацыя накіруецца ў Цэнтр персаналізацыі, а пазней туды прыйдуць новыя дакументы", - сказаў ён.

Як раней паведамлялася, увядзенне біяметрычных дакументаў плануецца са студзеня 2019 года. Кошт ID-карткі складзе 1 базавую велічыню (цяпер 1 БВ - Br23). Пашпарт будзе каштаваць 3 базавыя. Працэдура атрымання біяметрычнага пашпарта будзе неабавязковай, грамадзяне змогуць выкарыстоўваць стары дакумент разам з ID-карткай. У электронным чыпе новага пашпарта будуць прысутнічаць персанальныя даныя грамадзяніна. У прыватнасці, фатаграфія, электронны подпіс і адпячаткі пальцаў. Гэта робіцца для таго, каб палегчыць праходжанне адпаведных відаў кантролю на граніцы, спрасціць пэўныя механізмы атрымання віз і павялічыць ступень абароны пашпарта грамадзяніна Беларусі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі