У 2024 годзе беларуская выцінанка была ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, стаўшы ў ім шостым элементам нацыянальнай культуры разам з саломапляценнем і абрадамі. Унікальныя беларускія тэхнікі выцінанкі, у тым ліку і рэгіянальнай, дзякуючы айчынным майстрам не проста дайшлі да нашых дзён, але і набылі новае прачытанне ў сінтэзе яе з іншымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і напрамкамі культуры. Выцінанку як універсальны від творчасці сёння смела спалучаюць з саломапляценнем, разьбой па дрэве, дызайнам адзення і інтэр'ераў і нават музыкай. Аб тым, як нараджаюцца папяровыя карункі, колькі часу спатрэбіцца на выраб адной работы і што можна прачытаць у разных сюжэтах, карэспандэнты БЕЛТА даведаліся ў прадстаўнікоў маладзечанскай школы выцінанкі.
Для захавання маладзечанскай школы выцінанкі, якая мае свае характэрныя асаблівасці, шмат зрабіла педагог мясцовай школы мастацтваў Вікторыя Чарвонцава, якая не толькі прыўнесла ў гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва свой унікальны почырк, але і распрацавала методыкі выкладання і перадала сваё майстэрства многім вучням. Сярод іх ёсць майстры, якія пайшлі па слядах таленавітага настаўніка і, у прыватнасці, яе дачка Лізавета - выкладчык цыклавой камісіі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага.
"Выцінанка са мной была з самага дзяцінства: спачатку дома вучылася выразаць простыя ўзоры, бачачы захопленасць маці, а затым - ужо ў якасці вучаніцы мастацкай школы. Цікавасць да гэтага віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў дзяцей заўсёды была высокая, што прадыктавана не толькі даступнасцю матэрыялаў, але і хуткасцю рэзультату. У мяне таксама ўсё атрымлівалася, таму і матывацыя на вучобу была высокай. Я марыла звязаць сваё жыццё з мастацтвам, выбраўшы адпаведную профільную ВНУ", - расказала Лізавета Чарвонцава.

Характэрна, што сярод вучэбных прадметаў факультэта народных рамёстваў не было выцінанкі і студэнтка напярэдадні перыяду падрыхтоўкі да дыпломнай работы прапанавала сваю тэму. І знайшла кіраўніка дыпломнага праекта, які згадзіўся яе суправаджаць.
"Было даволі складана, але пры падтрымцы маці і выкладчыкаў, у тым ліку педагога з Маладзечна, вядомага графіка Юрыя Герасіменкі-Жызнеўскага работу на тэму "Кола жыцця" змагла падрыхтаваць і абараніць. Для мяне было важным паказаць, што выцінанка - глыбокі від народнага мастацтва з элементамі графікі, праз які можна паказаць мноства вобразаў, сімвалаў, зашыфраваць сюжэт", - падзялілася Лізавета.

Як адзначае Лізавета Чарвонцава, сёння яна рада працаваць з таленавітымі маладымі людзьмі, якія гэтак жа ўлюбёны ў мастацтва і з'яўляюцца пераемнікамі культурных традыцый і тэхнік, дэманструючы свае навыкі ва ўнікальных работах, дзе выцінанка ў тым ліку атрымлівае новае прачытанне і новыя вобразы.
Аднак педагог як мастак і сама знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых ідэй і праектаў, якія дазваляюць дэманстраваць выцінанку як універсальны від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які шырока прымяняецца.
"Былі моманты, калі нашу трактоўку выцінанкі не заўсёды прымалі, настойваючы на тым, што класічная яе форма чорнага колеру, а наяўнасць у работах сілуэтаў, фігур і складаных кампазіцый хутчэй можна аднесці да графікі. Але мы пастаянна вялі сваю лінію, даказваючы, што ўтылітарную форму выцінанкі трэба і можна сумяшчаць з мастацкай сілуэтнай выразкай. Такім чынам наш стыль паступова прыжыўся, атрымаў распаўсюджанне і набыў свой унікальны почырк, які чытаецца ў работах", - расказала Лізавета.

Майстар падзялілася, што папулярызацыі маладзечанскай выцінанкі пасадзейнічаў і шэраг цікавых праектаў.
"Выцінанку можна прымяняць у любым дызайне - афармленні экстэр'ераў і інтэр'ераў, дэкарацый сцэн, спалучаць яе з сучаснымі тэхналогіямі, выкарыстоўваючы як трафарэт для лазернай рэзкі металу, аргшкла, дрэва. Так з'явілася некалькі нашых сумесных праектаў з мадэльерамі, якія выкарыстоўвалі выцінанку ў касцюмах. У прыватнасці, калекцыя "Вырай" Кацярыны Герасіменка дэманстравалася на цырымоніі ўключэння выцінанкі ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА", - расказала Лізавета.
Дарэчы, нават у Мінскім метрапалітэне можна ўбачыць элементы маладзечанскай школы выцінанкі: пры афармленні станцыі "Кавальская слабада" яна чытаецца ў каваных сюжэтах каваля Марыі Тарлецкай.
Незвычайнае прымяненне выцінанкі знайшлі і айчынныя музыканты - відэарад з каляровых папяровых карункаў па матывах работ маладзечанскіх майстроў выкарыстала адна з этнагруп.

"Абапіраючыся на каноны народнага віду мастацтва, які мы абавязаны захоўваць і перадаваць сваім вучням, дэманструючы ўнікальнасць беларускай выцінанкі, вядомай ва ўсім свеце, мы дэманструем ідэю, што гэта вельмі дынамічны, незвычайна багаты і ўніверсальны від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва", - падкрэсліла майстар.
Старшыня цыклавой камісіі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва каледжа Людміла Валковіч-Борыс таксама з'яўляецца вучаніцай Вікторыі Чарвонцавай, таму з выцінанкай пазнаёмілася яшчэ ў час вучобы ў мастацкай школе.
"Мне пашанцавала трапіць у такі праект, як клас народнага мастацтва, у якім навучалася ўсяго дзесяць чалавек. Ён пазней паклаў пачатак аднайменнаму аддзяленню каледжа. І я стала адной з першых яго выпускніц 1997 года. А затым, ужо маючы 10-гадовы стаж работы, па запрашэнні Вікторыі Чарвонцавай вярнулася сюды ў якасці педагога. Так здарылася, што ў маім жыцці выцінанка заўсёды ішла разам з саломкай. Гэта зусім розныя віды народнай творчасці, якія патрабуюць розных падыходаў да падрыхтоўкі матэрыялаў, часу на выраб саміх работ, але валоданне гэтымі тэхнікамі незвычайна ўзбагачае творчае бачанне самога майстра, дае магчымасць раскрыцца яго таленту з розных бакоў. І з цягам часу захопленасць саломкай і выцінанкай дазволіла мне аб'яднаць гэтыя два віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і ўвесці такі тэрмін, як "выцісаломка", - расказала Людміла Валковіч-Борыс.

Работы ў тэхніцы выцісаломкі, калі на падрыхтаваную выцінанку з пэўным сюжэтам наносіцца інкрустацыя саломкай, пакуль адзінкавыя, але маладзечанская школа майстроў стала пачынальніцай унікальнага, новага напрамку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якому сёння можа вучыць іншых.
Сёння майстры з Маладзечна прапануюць такую форму работы, як абмен вопытам, заснаваўшы адкрыты творчы форум "Выцінаем разам", які праходзіць на базе каледжа.
Як адзначае Людміла Валковіч-Борыс, для майстра самае складанае - гэта пошук сюжэта, які ў будучым будзе адлюстраваны ў гатовым вырабе. Творчыя пошукі могуць зацягнуцца на доўгі час, а раптоўна прачнуцца натхненне можа ад прачытанай старонкі ў кнізе, пачутай легенды да карціны, якая адкрылася за акном. Часам жа сімвалізм выцінанкі - гэта вынік глыбокага даследавання той ці іншай тэмы. Менавіта таму майстры так насцярожана ставяцца да капіравання сюжэтаў ці, прасцей кажучы, плагіяту.
А вось любую навацыю гатовы падтрымаць, як і любы цікавы праект, або калабарацыю.

"Рада была стаць удзельніцай праекта вядомага далёка за межамі Беларусі гадзіннікавага майстра з Дзяржынска Андрэя Мартынюка, які выкарыстаў нашу выцінанку для вырабу дэкору сваіх работ. І нават на выставе "Мая Беларусь" у павільёне Мінскай вобласці можна ўбачыць маладзечанскую выцінанку на шкле. Гэта вельмі прыемна і мы гатовы дзяліцца сваім вопытам і як мага шырэй дэманстраваць багаты свет беларускай выцінанкі", - адзначыла Людміла Валковіч-Борыс.
Алена ХАРЭВІЧ,
фота Андрэя СІНЯЎСКАГА,
БЕЛТА.