Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

2 Врс 2020

Палескі драмтэатр пакажа "Вія" на фестывалі ў Смаленску

Палескі драмтэатр пакажа
Сцэна са спектакля. Фота тэатра

2 верасня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Палескі драматычны тэатр з Пінска пакажа спектакль-харор "Вій" на VII Міжнародным тэатральным фестывалі "Смаленскі каўчэг", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў тэатры.

Тэатральны фестываль у расійскім Смаленску праходзіць 1-7 верасня. Пінчане выступяць на вялікай сцэне драматычнага тэатра імя А.С. Грыбаедава 3 верасня. "Мы павінны былі паехаць на фестываль яшчэ ў красавіку, але з-за пандэміі яго перанеслі. З удзячнасцю прынялі запрашэнне выступіць цяпер, - расказалі ў тэатры. - З вялікай радасцю павіншуем калег з юбілеем - Смаленскаму тэатру ў гэтым годзе 240 гадоў, - і з прысваеннем яму звання "Акадэмічны".

Спектакль-харор "Вій" (рэжысёр Павел Марыніч) пастаўлены паводле матываў аповесці Мікалая Гогаля ў драматургічнай апрацоўцы Ніны Садур. У сюжэце перапляліся жах і гумар, філасофскія разважанні аб шматграннасці жыцця і барацьбе дабра са злом.

Гэты сезон юбілейны і для саміх пінчан. Наступнай вясной Палескі драматычны тэатр адзначыць сваё 15-годдзе. Калектыў плануе парадаваць сваіх паклоннікаў некалькімі прэм'ерамі. "З-за пандэміі ў нас было шмат часу для рэпетыцый, пастановак новых спектакляў. Лічу, што папрацавалі плённа. Гэты сезон адкрылі прэм'ерай "Паляванне на качак". Практычна на выхадзе - "Навальніца", "Прытворнахворы", "Трамвай "Жаданне", дзіцячая казка "Жыла-была Сыраежка". Навінкі плануем паказаць восенню", - адзначылі ў тэатры.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі