6 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паэма Якуба Коласа "Новая зямля" ўпершыню будзе поўнасцю выдадзена на рускай мове. Аб гэтым журналістам расказаў намеснік дырэктара выдавецкага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Мастацкая літаратура" Віктар Шніп, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы выдаём паэму Якуба Коласа "Новая зямля". Упершыню на рускай мове выдаецца ўвесь пераклад, якім займаўся Андрэй Цяўлоўскі. Увесь час паэма выходзіла без некалькіх соцень радкоў, не перакладзеных у свой час. Цяпер кнігу на рускай мове змогуць прачытаць дзеці, настаўнікі і бацькі", - сказаў Віктар Шніп.
Акрамя таго, да Дня беларускага пісьменства, які пройдзе ў Лідзе, выдавецтва "Мастацкая літаратура" традыцыйна прадставіць новую кнігу ў серыі "Беларусь літаратурная".
"У гэтым годзе кніга называецца "Край наш вольны, край любімы". Яна складаецца з некалькіх раздзелаў: спачатку ідуць творы пісьменнікаў, якія нарадзіліся або жылі ў Лідскім раёне, пасля размешчаны творы ўдзельнікаў літаратурнага аб'яднання "Суквецце", якое дзейнічае ў Лідзе. Завяршае выданне раздзел "Помнім, ганарымся", дзе прадстаўлены творы, якія адлюстроўваюць літаратуру ўсіх абласцей Беларусі і горада Мінска", - дадаў Віктар Шніп.
Паводле яго слоў, беларуская літаратура багата на розныя тэмы і аўтарамі, якія часам бываюць забыты. Дзякуючы Дню беларускага пісьменства чытачы змогуць узгадаць пра пісьменнікаў, што жылі і працавалі ў мінулым і на творчасці якіх вучыліся сучасныя аўтары.