Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

31 Mar 2015

Новая версія песні "Time" беларускага дуэта Uzari & Maimuna адаптавана для "Еўрабачання"

31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новая версія песні "Time" дуэта Uzari & Maimuna, які прадставіць Беларусь на міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2015", адаптавана для гэтага шоу. Аб гэтым артысты расказалі сёння ў час анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі, паведамляе БЕЛТА.

Паводле слоў скрыпачкі Маймуны, першая версія песні, з якой артысты перамаглі ў нацыянальным адборы, вельмі складаная для конкурсу. Беларускі дуэт даволі незвычайны - голас і інструмент, да таго ж у кампазіцыі ёсць няпростыя моманты. Разам атрымлівалася нестандартная, вельмі складаная форма, таму артысты вырашылі аблегчыць песню.

Юзары расказаў пра дэталі аранжыроўкі. Ён растлумачыў, што была зменена форма песні, яе пачатак, павялічана мелодыя прыпеву, бо матыў прыпеву вельмі прыгожы, лірычны, летуценны. Цяпер у кампазіцыі больш разгорнутае сола скрыпкі.

Да конкурсу "Еўрабачанне" артысты ставяцца як да чарговай прыступкі ў кар'еры. Музыкантаў не бянтэжыць тое, што на шоу сёлета шмат дуэтаў. Падобнага на беларускі ўсё ж такі няма, як і песні з такім філасофскім сэнсам.

Нумар, які будзе адрознівацца ад пастаноўкі на нацыянальным адборы, для беларускіх удзельнікаў "Еўрабачання" ставіць рэжысёр Ніна Драко. Раскрываць жа дэталі нумара Юзары і Маймуна не сталі, паколькі тады знікне інтрыга.

Касцюмы для артыстаў распрацоўвае таленавіты беларускі дызайнер Вольга Бухал, якая працавала над іміджам выканаўцаў у час фотасесіі. Вобразы для сцэны стварае стыліст Надзея Сліжэўская.

Прома-туры беларускія артысты не плануюць, лічачы, што трэба сканцэнтравацца на падрыхтоўцы нумара, які давядзецца паказаць у першым паўфінале 19 мая на папулярным песенным шоу Еўропы.

60-ы міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне" пройдзе ў Вене (Аўстрыя) з 19 па 23 мая.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі