Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

13 Aug 2015

На традыцыйным "Анненскім кірмашы" ў Зэльве ўпершыню будуць гандляваць коньмі

13 жніўня, Гродна /Таццяна Вішнеўская - БЕЛТА/. Зэльва 22 жніўня запрашае гасцей на традыцыйны "Анненскі кірмаш", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Зэльвенскім райвыканкаме.

У гэтым годзе свята з глыбокімі гістарычнымі каранямі пачнецца апоўдні і завершыцца на світанні наступнага дня. Адкрыецца кірмаш тэатралізаваным паказам на цэнтральнай плошчы райцэнтра. Жыхароў Зэльвы і гасцей свята будуць забаўляць артысты шоу-цэнтра Уладзіміра Кустава, сталічныя ансамбль народнай музыкі і танца "Купалінка" і цыганскае шоу "Вочы чорныя". Тут жа крыху пазней арганізатары падвядуць вынікі конкурсаў і лепшы касцюміраваны калектыў, лепшы падворак, лепшую прэзентацыю аграсядзіб, лепшы каравай і іншыя тэматычныя творчыя работы.

У цэнтральным скверы горада раскіне свае рады кірмаш рамёстваў, а на галоўных вуліцах горада - адкрыты святочны гандаль. Самапрэзентацыі пакажуць аграсядзібы, сельгаспрадпрыемствы і прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу рэгіёна. Адбудзецца конкурс на лепшую конную павозку, гасцей свята будуць катаць на брычках, а ў паркавай зоне горада адбудуцца выступленні конна-спартыўных школ, выстаўка коней. Тут жа ўпершыню коней можна будзе купіць або прадаць.

У праграме "Анненскага кірмашу" таксама шматлікія выстаўкі, конкурсы, фальклорныя выступленні, паказ тэатра звяроў "ФаСонШоу", канцэрты з удзелам дзіцячых і дарослых вакальных і танцавальных калектываў.

Вечарам на цэнтральнай плошчы адбудзецца міжнародная матчавая сустрэча па каратэ паміж спартсменамі Беларусі і Латвіі, выступленні спартсменаў-сумістаў. Тут жа адбудзецца вялікі святочны канцэрт з удзелам Уладзіміра Ухцінскага, Іскуі Абалян і іншых артыстаў, а таксама танцавальная праграма.

Але на гэтым свята не скончыцца. Недзе апоўначы ўдзельнікі фестывалю тэатралізаваным шэсцем пройдуць да вадасховішча, дзе будзе арганізавана феерычная пляцоўка. Неба над Зэльвай расквеціць вогненнае і водна-светлавое шоу і феерверк. А ў раённым доме культуры да світання будзе прадаўжацца танцавальная праграма і святлодыёдна-лазернае шоу.

"Анненскі кірмаш" названы ў гонар святой Анны, правядзенне гэтага маштабнага фестывалю-кірмашу мае даўнюю традыцыю. У 18-м стагоддзі "Анненскі кірмаш" з'яўляўся другім пасля Лейпцыгскага ў Еўропе па тавараабароце. Спецыяльна для ўдзелу ў ім у Зэльву прыязджалі да 5 тыс. купцоў з усёй Еўропы, доўжыўся кірмаш амаль месяц, гандляры прывозілі коней, тытунь, спецыі, адзенне, абутак, мастацкія вырабы і іншыя тавары з розных краін, у тым ліку Грэцыі, Турцыі і Персіі. Зэльва на перыяд кірмашу станавілася не толькі пляцоўкай для вялікага рынку, але і культурным цэнтрам, тут выступалі цыганскія трупы і нават артысты Парыжскага тэатра. Пасля доўгага перапынку традыцыю праводзіць "Анненскі кірмаш" адрадзілі ў 2001 годзе. З таго часу кірмаш з кожным годам набірае абароты і прырастае лікам удзельнікаў і гасцей.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі