Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

14 Ліс 2023

На конкурс фільмаў для дзяцей і юнацтва "Лістападзік" прыслана больш за 310 работ

На конкурс фільмаў для дзяцей і юнацтва
Фота арганізатараў

 14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На конкурс фільмаў для дзяцей і юнацтва "Лістападзік" Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" прыслана 317 работ. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дырэктар конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік" Алена Турава.

"На конкурс фільмаў для дзяцей і юнацтва "Лістападзік" пададзена 317 заявак з больш як 20 краін. У выніку мы адабралі 8 карцін. У гэтым годзе вельмі шырока прадстаўлены рэгіёны Расіі. На першы план выйшлі не толькі маскоўскія кінастудыі, але і татарскі, башкірскі, якуцкі кінематограф. Магчыма, гэта звязана з тым, што ў Расіі з'явіліся новыя ўмовы для вытворчасці дзіцячага кіно і яно перайшло на 100-працэнтнае дзяржаўнае фінансаванне", - расказала Алена Турава.

Дырэктар конкурсу адзначыла, што паколькі гэтыя фільмы ствараюцца ў розных рэгіёнах Расіі, то яны вельмі моцна адрозніваюцца адзін ад аднаго. "Узрасла папулярнасць анімацыйнага кіно. Напрыклад, Башкортастан прапанаваў поўнаметражную 3D-анімацыю. Як чалавек, які займаўся анімацыяй шмат гадоў, я разумею, наколькі складаны працэс яе стварэння. "Татармультфільм" зрабіў даволі цікавую адаптацыю для сямейнага прагляду па сваёй класічнай п'есе, якая атрымала прызнанне яшчэ 30 гадоў таму. У фільме выкарыстаны рэферэнсы да пастаноўкі. Напрыклад, гучыць знакавая песня са спектакля", - дадала Алена Турава.

На конкурсе прадстаўлены розныя жанры на любы густ. У некалькіх работах разгледжаны тэмы сталення маленькага чалавека, яго адносін з бацькамі і равеснікамі. Недзе выкарыстоўваецца містыка з элементамі хорару, недзе - гераізацыя сваёй гісторыі. "Напрыклад, Башкортастан прадставіў работу, дзе расказваецца пра бітву башкірскіх воінаў у знакавых для Расіі войнах. Сярод іх бітва са шведамі, Напалеонам, а таксама бітвы ў час Вялікай Айчыннай вайны. Ваенная тэма раскрываецца і ў кінастужцы "Каця-Каця", якая расказвае, як мінулае часам пераклікаецца з цяперашнім", - адзначыла дырэктар конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік".

"Калі гаварыць пра выбар лепшых фільмаў, то варта заўважыць, што ў нас вельмі строгі рэгламент: хронаметраж ад 52 мінут, 2022-2023 гады вытворчасці, а таксама этычныя абмежаванні. Гэта значыць, што ў фільмах не павінна быць сцэн жорсткасці і насілля, прапаганды шкодных звычак. Таксама я глядзела на прафесіянальнасць выканання і на тое, наколькі маё ўнутранае дзіця адгукаецца на тую ці іншую работу. Тое, што ў фільме ёсць дзеці, не азначае, што кінастужка абавязкова створана для юнай аўдыторыі. Часам гэта можа быць расказ пра дзяцей для дарослых, у час якога ўзнімаюцца сур'ёзныя праблемы. А наш конкурс усё ж такі накіраваны на кіно для дзяцей і юнацтва. На "Лістападзіку" прадстаўлены фільмы для розных узростаў. Так, сумесная казка Узбекістана і Расіі "Падарунак феі" прызначана для самай юнай аўдыторыі, але ёсць і фільмы для дзяцей старэйшых. Напрыклад, "Заапарк" з Індыі: гісторыя аб тым, як хлопчык-падлетак пераехаў у іншы горад і спрабуе замацавацца ў новым калектыве", - падкрэсліла Алена Турава. Паводле яе слоў, цікавасць да фільмаў для дзяцей і юнацтва ўсё павялічваецца, а самі рэжысёры не баяцца эксперыментаваць і даследаваць новыя тэмы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі