У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

1 Снж 2014

Міжнародны музычны фестываль імя І.Салярцінскага адкрываецца ў Віцебску

1 снежня, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Уверцюрай да XXVI Міжнароднага музычнага фестывалю імя І.Салярцінскага ў Віцебску стане арганны канцэрт вядомага амерыканскага музыканта Рональда Эбрэхта, выступленне якога запланавана на 2 снежня. Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА мастацкі кіраўнік абласной філармоніі Нэлі Мацаберыдзэ.

Урачыстае ж адкрыццё традыцыйна адбудзецца 3 снежня ў дзень нараджэння Івана Салярцінскага. "Як заўсёды, прыхільнікаў класічнай музыкі ў гэты дзень парадуе выступленне сімфанічнага аркестра. У гэтым годзе на сцэне абласной філармоніі выступіць Міжнародны сімфанічны аркестр з Санкт-Пецярбурга "Таўрычаскі", які аб'яднаў маладых музыкантаў-віртуозаў з далёкага і блізкага замежжа, выпускнікоў санкт-пецярбургскай кансерваторыі. Гэты калектыў пад кіраўніцтвам народнага артыста Кабардзіна-Балкарыі Міхаіла Голікава створаны пад эгідай аркестра і хору капэлы "Таўрычаская", якая стваралася па вобразе калектыву, што служыў князю Рыгору Пацёмкіну. Нягледзячы на малады склад, калектыў мае вялікую папулярнасць, але для віцебскай публікі стане адкрыццём. У гэтым годзе наша канцэпцыя - адкрыццё новых для горада імёнаў ужо тытулаваных артыстаў і калектываў", - растлумачыла Нэлі Мацаберыдзэ.

Двухтыднёвая фестывальная праграма разнастайная і па геаграфіі ўдзельнікаў (6 краін), і па жанрах. У яе ўключаны канцэрт маладой пецярбургскай спявачкі Алесі Пятровай, уладальніцы першай прэміі Міжнароднага конкурсу вакалістаў "Радыё Франс" у Парыжы, якая выступала нават у Метраполітэн-опера. Літоўскі піяніст, лаўрэат шматлікіх міжнародных фестываляў фартэпіяннай музыкі Аляксандр Ісакаў, знаёмы віцебскай публіцы ў іпастасі арганіста, выступіць з канцэртам фартэпіяннай музыкі. Сюрпрызам фэстывалю стала ўключэнне ў праграму джаза. Паводле слоў Нэлі Мацаберыдзэ, гэты жанр ужо стаў у пэўным сэнсе акадэмічным. На віцебскай сцэне яго прадставіць джазавы квінтэт Інгі Берзіні з Рыгі.

А на канцэрце закрыцця 14 снежня гледачы пачуюць мінскі ансамбль салістаў "Партыта". Калектыў прадставіць аматарам музычнага мастацтва эпохі барока цыкл канцэртаў "Музыка Каралёў", што стане высокім філасофскім пасляслоўем фестывалю.

Арганізатары разлічваюць навізной праграмы пашырыць фестывальную аўдыторыю. Білеты на канцэрт адкрыцця раскуплены, чакаецца, што большая частка канцэртаў пройдзе з аншлагам.

Традыцыйна ў час форуму ў зале музычнага каледжа імя І.Салярцінскага выступяць выкладчыкі і навучэнцы гэтай установы. Таксама пройдуць навуковыя чытанні, у якіх прымуць удзел даследчыкі з Беларусі, Расіі і Польшчы. Адбудуцца прэзентацыі дзвюх кніг, прысвечаных творчасці Аляксандра Сакурава і Барыса Цішчанкі, а таксама беларускага выдання "Кампазітары Беларусі" Таццяны Мдзівані і Веры Каштальян.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс