Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

26 Жнв 2021

Музыка ў жывапісе: рэпрадукцыі карцін мастакоў розных эпох прадставілі ў НББ

Музыка ў жывапісе: рэпрадукцыі карцін мастакоў розных эпох прадставілі ў НББ

26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэматычная кніжна-ілюстрацыйная выстава "Сугучча гукаў і фарбаў" адкрылася ў зале дакументаў па мастацтве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце НББ, паведамляе БЕЛТА.

На выставе прадстаўлены кнігі, ілюстраваныя энцыклапедыі, альбомы, рэпрадукцыі і паштоўкі, у якіх музычныя вобразы звязаны з тэмамі кахання, жыцця, натхнення, суцяшэння, прыгажосці і гармоніі. "З даўніх часоў музыка звязана з выяўленчым мастацтвам, а Леанарда да Вінчы называў яе "сястрой жывапісу". Адносна творчасці многіх мастакоў нярэдка прымяняюць музычныя метафары, якімі апісваюць пявучасць карціны, звонкасць і прыглушанасць фарбаў, меладычнасць ліній, лірычнасць агульнага эмацыянальнага гучання. Фарбы і лініі ствараюць пэўны рытм і непаўторную гармонію", - расказалі арганізатары.

Мастакі розных гістарычных эпох часта звярталіся да тэмы музыкі ў сваіх творах. Ёсць шмат карцін, на якіх намаляваны музыканты і музычныя інструменты, якія не толькі ствараюць уяўленне аб культурным жыцці свайго часу, але і нясуць вобразна-сімвалічны, лірычны або філасофскі сэнс.

На выставе экспануюцца альбомы па гісторыі мастацтва Старажытнага свету, Сярэдневякоўя і рэпрадукцыі работ вялікіх майстроў рэнесансу. "У эпоху барока вялікую папулярнасць набываюць сюжэты, звязаныя з выявай музіцыравання ў лірычных і бытавых сцэнах. Рэпрадукцыі работ Мікеланджэла Караваджа, Герыта ван Хонтхарста, Франса Хальса - разгорнутая панарама псіхалогіі чалавека Новага часу, чалавека які іграе і атрымлівае асалоду. Лютня, скрыпка, барочная гітара, віёла да гамба атрымалі шырокае распаўсюджванне на карцінах той эпохі", - дадалі ва ўстанове культуры.

"У руках герояў карцін французскага жывапісца Антуана Вато часцей за ўсё можна ўбачыць гітару. У жывапісе XIX стагоддзя нярэдка сустракаюцца сюжэты дамашняга музіцыравання. Асаблівым цяплом жыццярадаснай палітры прасякнуты сямейныя сцэны з ігрой на фартэпіяна або гітары ў творах французскага імпрэсіяніста П'ера Агюста Рэнуара", - дадалі ў НББ.

Частка экспазіцыі прысвечана мастацтву ХХ стагоддзя. Пабла Пікаса, Анры Маціс, Сальвадор Далі малююць музычныя інструменты ў непаўторна індывідуальнай манеры. Паводле слоў арганізатараў, асобнай увагі заслугоўваюць работы Марка Шагала. Тэма музыкі ішла разам з мастаком на працягу ўсяго жыцця. На яго палотнах часта ўзнікаюць мудрагелістыя вобразы музыкантаў і струнных інструментаў. Мастак Леў Бакст адзначаў, што нават колеры ў Марка Шагала "спяваюць".

Выстава прадоўжыцца да 26 верасня.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі