Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

30 Apr 2020

Музей гісторыі ВАВ рыхтуе выставу "Героі вайны на Краснай плошчы"

Музей гісторыі ВАВ рыхтуе выставу
Фота з архiва

30 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Часовая экспазіцыя "Героі вайны на Краснай плошчы" адкрыецца 6 мая ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, паведаміў журналістам вучоны сакратар установы Валерый Надтачаеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. 

"Праект прысвечаны 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 75-годдзю парада Перамогі на Краснай плошчы. Цяпер ідзе мантаж экспазіцыі", - сказаў Валерый Надтачаеў.

Загадчыца аддзела ваенна-франтавой гісторыі Святлана Прыбыш дадала, што ў экспазіцыі прадставяць 70 арыгінальных прадметаў з фондаў музея. "Матэрыялы першага раздзела ўводзяць у абстаноўку заканчэння вайны, Перамогі, вяртання дадому, расказваюць пра падрыхтоўку і правядзенне парада. Рэліквіі знакамітага парада - фатаграфіі, дакументы, асабістыя рэчы яго ўдзельнікаў - можна ўбачыць у наступным раздзеле. У прыватнасці, прадстаўлена пасведчанне да медаля "За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг." Героя Савецкага Саюза Аляксандра Кірсанава - камандзіра 76-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Экспануецца і парадная форма - кіцель, фуражка, пояс генерал-маёра Еўдакіма Магілёўчыка - камандзіра 69-га стралковага корпуса, удзельніка вызвалення Беларусі і штурму Берліна", - расказала яна.

У экспазіцыі пакажуць фатаграфіі, на якіх адлюстраваны ўдзельнікі парада ў форме, падзякі і граматы за ўдзел у парадзе, запрашальныя білеты на прыём у Крэмль, пропуск на Красную плошчу. "У кожнага ўдзельніка парада Перамогі была свая дарога да Краснай плошчы: доўгая і цяжкая, праз агонь і смерць. Дэталі і падрабязнасці, звязаныя з парадам, становяцца вядомымі з асабістых успамінаў воінаў. Аб тым, як ехалі на парад, як рыхтаваліся, удзельнічалі і што перажылі ў той знамянальны момант. Па-мастацку аформленыя ўрыўкі з успамінаў перадаюць тыя самыя непаўторныя перажыванні і эмоцыі, - падкрэсліла загадчыца аддзела. - Экспазіцыйныя комплексы ўдзельнікаў парада, простых салдат, афіцэраў і генералаў, раскрываюць іх ваенныя біяграфіі. Тут можна ўбачыць лыжку разведчыка Анатоля Галаўко, якую ён знайшоў у руінах будынка ў Берліне, кашулю, брытву, люстэрка маршала Георгія Жукава, гімнасцёрку лётчыка Героя Савецкага Саюза Канстанціна Марусічэнкі, падшлемнік з шалем артылерыста Рыгора Жытамірскага і іншыя прадметы".

Кампазіцыйны цэнтр фарміруюць творы выяўленчага мастацтва: партрэты камандуючых 1-м Украінскім, 1-м Беларускім, 2-м Беларускім франтамі маршалаў Івана Конева, Георгія Жукава, Канстанціна Ракасоўскага. Менавіта воіны гэтых франтоў правялі Берлінскую аперацыю, вынікам якой стала падпісанне акта аб капітуляцыі Германіі. Яркі момант трыумфу пераможцаў адлюстраваны на карціне "Трыумф пераможнай Радзімы", якая з'яўляецца копіяй карціны мастака Міхаіла Хмялько. Яе выканала група мастакоў Мінскай мастацка-афарміцельскай майстэрні ў 1952 годзе.

"Да трыбун падыходзяць байцы асобнага батальёна і кідаюць варожыя сцягі да падножжа маўзалея. З трыбун за парадам назіраюць Іосіф Сталін, Вячаслаў Молатаў, Міхаіл Калінін і іншыя кіраўнікі, каля Крамлёўскай сцяны стаяць знакамітыя палкаводцы Васіль Чуйкоў, Іван Конеў, Іван Баграмян, - адзначыла Святлана Прыбыш. - Такой жа ўрачыстасцю і маляўнічасцю вызначаецца яшчэ адно палатно "За вялікі рускі народ", на якім паказаны прыём у Георгіеўскай зале Крамлёўскага палаца ў гонар удзельнікаў парада. Радасць Перамогі перадаюць карціны мастакоў Ісака Давідовіча і Яўгена Ціхановіча "Свята Перамогі 9 мая 1945 г. у Мінску", Сяргея Раманава "Раніца Перамогі 9 мая 1945 г.". Аб тым, якой цаной была заваявана Перамога, даюць нам магчымасць падумаць і ўшанаваць памяць усіх, хто не дажыў да гэтага дня, карціны Ісака Давідовіча "Перамаглі", Валянціна Савіцкага "Успаміны", Мая Данцыга "Рэквіем".
 
Работа экспазіцыі будзе доўжыцца па 6 ліпеня.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі