2 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У сталіцы вызначыліся пераможцы і прызёры традыцыйных міжнародных спаборніцтваў "Мінскі трыятлон - 2025", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Трыятлон - алімпійскі від спорту, які спалучае спаборніцтвы ў плаванні, веласпорце і бегу. У 2025 годзе "Мінскі трыятлон" сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў - каля 2100, што амаль на тысячу чалавек больш за паказчык мінулага года. Аматары спорту мелі магчымасць заявіцца на тры індывідуальныя дыстанцыі: спрынт (заплыў на 0,5 км, велагонка на 20 км і забег на 5 км), "Алімпік" (1 - 40 - 10,5) і "Палавінка" (1,9 - 90 - 21).
На першым плавальным этапе ўдзельнікі спаборнічалі на вадасховішчы Дразды, веласіпедны маршрут быў пракладзены па праспекце Пераможцаў, старт фінальнаму бегавому этапу быў дадзены каля Палаца спорту, адкуль атлеты рухаліся ў бок стэлы "Мінск - горад-герой" і назад.
Перамогу на самай прэстыжнай дыстанцыі "Палавінка" ў мужчын атрымаў расіянін Кірыл Краўчанка, які справіўся за 4 гадзіны 1 хвіліну і 42 секунды. Тройку прызёраў дапоўнілі яго суайчыннікі Дзяніс Крэсцін і Андрэй Панчанка. У жанчын першае і другое месцы занялі Вольга Фядотава і Наталля Грыгор'ева з Расіі, беларуска Кацярына Кудзелка стала трэцяй. Лепшыя вынікі на дыстанцыі "Алімпік" паказалі расіянін Павел Самохін і наша Аліна Сіневіч, поспех у спрынце святкавалі беларусы Аляксандр Васільеў і Соф'я Крывецкая.
Акрамя таго, удзельнікі "Мінскага трыятлона" разыгралі медалі ў эстафетах. Пераможцай у "Алімпіку" стала каманда ВА " Беларуснафта", трэцімі фінішавалі прадстаўнікі ГУУС Мінгарвыканкама. У спрынце першынствавала каманда Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, таксама на п'едэстал падняліся супрацоўнікі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.