Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

23 Aug 2017

Мінадукацыі: ВНУ, ССНУ і школы павінны пастаянна супрацоўнічаць у сферы прафарыентацыі

23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ВНУ, ССНУ і школы павінны пастаянна супрацоўнічаць у сферы прафарыентацыі. Аб гэтым заявіла начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Пшанічная ў час Рэспубліканскага педагагічнага савета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Наталля Пшанічная расказала ўдзельнікам педсавета аб некаторых напрамках развіцця маладзёжнай палітыкі ў Беларусі. "Мы хацелі б, каб у рэгіёнах школы, установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, ССНУ і ВНУ былі цесна звязаны і ўзаемадзейнічалі. Магчыма, трэба стварыць план узаемадзеяння, каб супрацоўніцтва праходзіла не толькі ў дзень адкрытых дзвярэй, а пастаянна, напрыклад, у суботнія дні. Унутры ВНУ і ССНУ трэба арганізаваць прафарыентацыйную работу, каб школьнікам захацелася да вас паступаць", - сказала яна.

Начальнік упраўлення згадала і пра неабходнасць развіцця валанцёрскай дзейнасці. "Сёння, напэўна, ужо ўзнікла неабходнасць стварыць унутры універсітэтаў невялікія валанцёрскія цэнтры. Сёння кожнаму валанцёру знойдзецца работа, і не толькі ў Мінску, а і ў рэгіёнах", - сказала Наталля Пшанічная.

Яна таксама адзначыла, што ў мінулым годзе былі ўнесены змяненні і дапаўненні ў закон "Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі". "Будзе распрацавана метадычнае забеспячэнне, якое стане навуковым фундаментам маладзёжнай кадравай палітыкі. Уведзена такое паняцце, як настаўніцтва. Многія прадпрыемствы працуюць з маладымі спецыялістамі ў гэтым напрамку праз калектыўныя дагаворы, праз школы маладых спецыялістаў. Сістэма мер ужо створана. Кіраўнік сам вырашае, як гэту сістэму настаўніцтва ўкараніць", - падкрэсліла начальнік упраўлення.

Рэспубліканскі педагагічны савет праходзіць у Мінску 23-24 жніўня. У першы дзень педсавета праводзяцца пасяджэнні тэматычных секцый, круглыя сталы. Спецыялісты абмяркоўваюць шырокае кола пытанняў, у тым ліку сучасныя падыходы да павышэння якасці дашкольнай адукацыі, уклад, які здольна ўнесці прафадукацыя ў інавацыйнае развіццё беларускай эканомікі, асноўныя напрамкі для вышэйшай школы. Акрамя таго, у цэнтры ўвагі - развіццё інклюзіўнай адукацыі, актуальныя аспекты сацыяльнай, выхаваўчай, ідэалагічнай работы ў сучасных умовах, падрыхтоўка педагагічных кадраў.

Рэспубліканскі педсавет прадоўжыць сваю работу 24 жніўня на пленарным пасяджэнні. Яго ўдзельнікі змогуць таксама азнаёміцца з выстаўкай эфектыўнага педагагічнага вопыту, творчых дасягненняў педагогаў, вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры, узораў новых тэхналогій у сферы адукацыі.

У педсавеце прымаюць удзел амаль 1 тыс. педагогаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў і галіновага прафсаюза. Мэта форуму - вызначыць задачы на 2017/2018 навучальны год, абмеркаваць канцэптуальныя падыходы да развіцця сістэмы адукацыі на кароткатэрміновы да 2020 года і доўгатэрміновы (да 2030-га) перыяды.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі