Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

22 Ліп 2015

Мемуары Агінскага на французскай і беларускай мовах прадставяць у сядзібе кампазітара

22 ліпеня, Гродна /Таццяна Вішнеўская - БЕЛТА/. Мемуары Міхала Клеафаса Агінскага на французскай і беларускай мовах прадставяць у музеі-сядзібе кампазітара ў Залессі (Смаргонскі раён) 25 верасня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла загадчыца Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь, навуковы кіраўнік работ па стварэнні экспазіцыі музея-сядзібы Зінаіда Кучар.

Цяпер у сядзібе вядзецца работа па стварэнні музейнай экспазіцыі, яе адкрыццё запланавана на 25 верасня, калі ў свеце будуць святкаваць 250-годдзе з дня нараджэння былога ўладальніка сядзібы, сусветна вядомага кампазітара, палітычнага дзеяча і дыпламата Міхала Клеафаса Агінскага.

Як расказала Зінаіда Кучар, паколькі асабістыя рэчы М.К. Агінскага ў Беларусі не захаваліся, у музей-сядзібу закупляюць антыкварныя экспанаты (мэблю, музычныя інструменты, посуд, аксесуары, карціны і іншае), якія дадуць магчымасць музею стварыць каларыт эпохі музыканта. Акрамя таго, будуць максімальна выкарыстаны электронныя копіі дакументаў і артэфактаў роду Агінскіх, якія ў 2008 годзе былі перададзены музею з Маскоўскага архіва старажытных актаў, дзе захоўваюцца арыгіналы. Прычым стваральнікі экспазіцыі плануюць выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі прэзентацыі экспанатаў. "Мы створым эфект прысутнасці Агінскага ў сядзібе. Будзе створаны галаграфічны сюжэт ад'езду Міхала ў Фларэнцыю. Акрамя таго, будуць выраблены высокамастацкія муляжы асобных прадметаў, напрыклад, грамат, пячаткі Агінскага ў сярэбраным футляры і іншых", - расказала загадчыца.

Будучая экспазіцыя падзелена на некалькі тэм. Так, у вестыбюлі сядзібы будзе размешчана выстаўка, прысвечаная гісторыі рэстаўрацыі сядзібы. Асобна будзе створана экспазіцыя, прысвечаная музыцы Агінскага. У музычным салоне будуць прадстаўлены музычныя інструменты таго часу, галерэя партрэтаў, мемарыяльная мэбля, посуд, унікальная калекцыя візітак знакамітых сучаснікаў Агінскага (Шапэна, Паганіні і многіх іншых). У кабінеце Агінскага можна будзе ўбачыць куфар з дакументамі, карты, радавод Агінскіх, выкананы на тканіннай аснове, метрыкі аб нараджэнні Міхала, пісьмовы стол сярэдзіны XIX стагоддзя, насценны гадзіннік, скрыпку, а таксама ўнікальную перапіску бацькі кампазітара Андрэя Агінскага з польскім каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім, запіску Міхала Клеафаса цару Аляксандру І. Тут жа будуць прадстаўлены мемуары (копіі-муляжы) Агінскага на французскай мове, а таксама ўпершыню - сучаснае выданне мемуараў на беларускай мове. Адпаведна будуць аформлены вялікая і малая гасціныя, у апошняй размесціцца экспазіцыя, прысвечаная сакратару Агінскага Леанарду Ходзьку. У тэатральна-музычнай зале будуць праходзіць канцэрты і спектаклі. Аранжарэя будзе выкарыстоўвацца для зменных выставак, таксама тут размесціцца кафэ, аснашчанае ўнікальнымі канструкцыямі, дзе кожны наведвальнік, не перашкаджаючы адзін аднаму, зможа паслухаць музыку Агінскага. Асобная экспазіцыя будзе прысвечана гісторыі Залесся. "Сядзіба стане жамчужынай музейнай і музычнай культуры Беларусі, яе экспазіцыя па ўзроўні не ўступіць Нясвіжу і Міру", - сказала Зінаіда Кучар.

У музеі-сядзібе Агінскага 25 верасня адбудзецца вялікае свята "Вяртанне паўночных Афін", праграма яго цяпер распрацоўваецца. Як паведаміла дырэктар музея Людміла Градзіцкая, плануецца, што на тэрыторыі сядзібы адкрыюцца тры творчыя пляцоўкі, адбудзецца канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Міхаіла Фінберга і ансамбля класічнай музыкі "Класік авангард", пройдуць выступленні коннаспартыўнага клуба "Залатая шпора". А 23-24 верасня ў сядзібе будзе арганізавана міжнародная канферэнцыя, прысвечаная 250-годдзю з дня нараджэння кампазітара. На ўрачыстасці запрошаны прадстаўнікі пасольстваў еўрапейскіх краін, а таксама нашчадкі Агінскага па лініі яго дачкі Іва і Анджэй Залускія.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі