Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Свята Купалле
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

3 Ліп 2014

Мемарыяльны комплекс "Ахвярам фашызму" адкрылі ў Бабруйску

3 ліпеня, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Мемарыяльны комплекс "Ахвярам фашызму" сёння ўрачыста адкрылі ў Бабруйску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Бабруйскім гарвыканкаме.

Да помніка ад кіраўніцтва горада, ветэранаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў, грамадскасці і моладзі былі ўскладзены вянкі і кветкі.

Мемарыял узведзены на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці, дзе ў першы год Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся лагер для ваеннапалонных чырвонаармейцаў. Стварэннем гэтага архітэктурна-скульптурнага збудавання займаўся заслужаны архітэктар Беларусі Леанід Левін. Пасля яго смерці пачатую бацькам работу прадоўжыла дачка Галіна.

Як адзначыла ў размове з карэспандэнтам БЕЛТА архітэктар і мастак Галіна Левіна, працуючы над канцэпцыяй мемарыяла, яе бацька, як і ў іншых сваіх работах, імкнуўся сумленна і шчыра раскрыць гісторыю трагедыі, якая адбылася тут у першы год Вялікай Айчыннай вайны. Фашысты, каб знішчыць ваеннапалонных, вазілі іх у люты холад распранутымі на чыгуначных платформах. Не выпадкова ў цэнтр кампазіцыі з белага бетону (куба мужнасці) уразаецца чыгуначная платформа, на якой стаіць ваеннапалонны салдат Чырвонай Арміі, укрываючы сваім шынялём чалавека.

"Калі мы працавалі разам з вядомым беларускім скульптарам Аляксандрам Шапо над увасабленнем ідэі майго бацькі, то стараліся адысці ад пафасу сацрэалізму. Не выпадкова ў вобразе салдата, які ратуе ад холаду такога ж, як і ён пакутніка, увасоблены рэальны вобраз чалавека, які трапіў у лагер ваеннапалонных у першыя дні вайны. Для стварэння гэтага вобраза нам давялося нямала папрацаваць у архівах і паглядзець не адну папку дакументаў і фатаграфій", - сказала Галіна Левіна.

У цэнтральнай частцы кампазіцыі за калючым дротам таксама праглядаюцца барэльефы сілуэтаў розных людзей, мірных жыхароў, якія сталі бязвіннымі ахвяраў фашыстаў. Бо брацкая магіла на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці аказалася апошняй калыскай для 560 чырвонаармейцаў і 95 грамадзянскіх. Усе яны ў 1941-м загінулі: салдаты - у лагеры для ваеннапалонных на тэрыторыі цытадэлі, мірных жыхароў фашысты забілі ў іншым бабруйскім канцлагеры.

"Кожны наведвальнік мемарыяльнага комплексу зможа знайсці сваю тэму і вобразы, зразумелыя і блізкія яму, а калі ён паспрабуе ўнікнуць глыбей у філасофію ідэі самога аўтара, то для яго адкрыецца новы ўзровень пазнання ў мастацтве. Тое, што бабруйчанам спадабалася задумка майго бацькі, сам за сябе гаворыць вялікі грамадскі рэзананс, выкліканы рэалізацыяй гэтага праекта. 2 ліпеня, калі вечарам упершыню ўключылі падсветку каля мемарыяльнага комплексу, сюды прыйшлі ўшанаваць памяць загінуўшых людзей сотні неабыякавых гараджан", - адзначыла субяседніца.

Паводле слоў Галіны Левінай, у дадатак да мемарыяла ў бліжэйшы час будуць выраблены сімвалічныя вянкі з бронзы з палявымі кветкамі. Бо менавіта іх ўскладалі мясцовыя жыхары да магіл загінуўшых чырвонаармейцаў. Гэтыя вянкі будуць устаноўлены на дзвюх брацкіх магілах у Бабруйску. Таксама побач з помнікам "Ахвярам фашызму" плануецца залажыць мемарыяльны парк.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс