17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На Нацыянальным алімпійскім стадыёне "Дынама" 18-19 ліпеня пройдзе Матчавая сустрэча па лёгкай атлетыцы сярод маладзёжных каманд Саюзнай дзяржавы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Удзел у традыцыйных спаборніцтвах прымуць лепшыя маладыя спартсмены Беларусі і Расіі, якія вызначаць прызёраў у дзвюх узроставых катэгорыях: сярод юнакоў і дзяўчат да 18 гадоў, юніёраў і юніёрак да 20 гадоў. У малодшай групе будуць разыграны 40 камплектаў узнагарод, у старэйшай - 28. У кожным відзе праграмы ў катэгорыі U18 выступяць па тры чалавекі ад абедзвюх каманд, у групе U20 - па два. Таксама да ўдзелу ў турніры дапушчаны атлеты, якія выступаюць асабіста.
У моладзі сярод прэтэндэнтаў на перамогу лічацца нашы Дзяніс Уракоў, Ком Крыстал Шанон (скачкі ў даўжыню), Арцём Пілатаў, Дар'я Васільчык (кіданне дыска) і Іван Уласавец (кіданне кап'я). У юніёраў на сусветнай арэне выдзяляюцца асабістыя рэкорды беларусаў Анатоля Хоміча (штурханне ядра), Паўла Арцем'ева (скачкі ў даўжыню) і Максіма Гапава (скачкі ў вышыню).
Спаборніцтвы ў суботу стартуюць на стадыёне "Дынама" ў дзевяць гадзін раніцы і прадоўжацца да сямі вечара. 19 ліпеня барацьба на дарожках і ў сектарах разгорнецца з 9.00 да 15.00. Прамыя трансляцыі турніру даступны ў эфіры тэлеканала "Беларусь 5".
У мінулым годзе Матчавая сустрэча па лёгкай атлетыцы сярод маладзёжных каманд Саюзнай дзяржавы праходзіла ў Брэсце, тады нашы юныя спартсмены заваявалі 72 медалі - 21 залаты, 20 сярэбраных і 31 бронзавы.